Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ НА КАЛГАСЫ СЯЛЯНЕ ГЛЯДЗЯЦЬ ЯК НА ПАДАБЕНСТВА САЦЫЯЛЬНАЙ УСТАНОВЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

Зь дзесяці прапанаваных урадам мадэляў рэструктурызацыі аграпрамкомплексу па-сутнасьці толькі адна, дзявятая мадэль, прадугледжвае тэарэтычна падзел маёмасьці калгасаў паміж яго чальцамі.

Аднак паводле меркаваньня намесьніка старшыні аблсельгасхарчу ў пытаньнях эканомікі Мікалая Чарныша, ва ўрадавай пастанове ня вызначаныя дакладна шляхі пераўтварэньня цяперашняга калгасьніка ў заўтрашняга ўласьніка.

На калгасы большасьць людзей глядзіць зараз як на нейкія ўстановы сацыяльнага забесьпячэньня ў вёсцы, што дапамогуць прыдбаць сена, прывезьці паліва на зіму, узараць вясною прысядзібны ўчастак.

Жывы прыклад таму — калгас “Сіманічы” Лельчыцкага раёну. Вясковыя жыхары тут даўно жывуць коштам сабраных у лесе грыбоў і ягад. Прадаючы іх нарыхтоўшчыкам, вяскоўцы за сэзон зарабляюць грошай у шмат разоў болей, чым працуючы ў калгасе ўвесь год.

Аднак і тут вяскоўцы пагадзіліся на падзел калгаснай зямлі пры ўмове, што сельскі савет зарганізуе з найлепшых мэханізатараў і тэхнікі гаспадарча-разьліковую групу. Гэта група і павінна за плату аказваць традыцыйныя земляробскія паслугі вяскоўцам, што атрымалі зямельны пай.

На сходзе ў эканамічна занядбалым калгасе імя Калініна Добрускага раёну сельскія працаўнікі пакуль наогул ня вырашылі свой далейшы лёс. Справа ў тым, што працаздольных людзей тут амаль не засталося. Людзі перадпэнсійнага ўзросту, а тым больш пэнсіянэры, ніякіх рэформаў не прымаюць.

Як лічаць у аблсельгасхарчы, састарэлыя вяскоўцы робяцца зараз сур’ёзным бар’ерам на шляху ўсялякіх пераменаў, а моладзі ў калгасах практычна няма. Адмоўная дэмаграфічная сытуацыя назіраецца зараз ва ўсіх без выключэньня сельскіх раёнах.

Мікалай Чарныш прагназуе, што, нягледзячы на аб’яўленыя рэформы, сёлета шэрагу гаспадарак зноў прыйдзецца плаціць зарплату зь бюджэту. Грошай на гэта спатрэбіцца нямала. Прынамсі, летась у рэгіёне на зарплату вяскоўцам было выдаткавана зь бюджэту ажно 7 мільярдаў рублёў.

XS
SM
MD
LG