Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У КУРАПАТАХ ПАБОЛЕЛА ВАЛАНЦЁРАЎ


Ганна Соусь, Курапаты

Я ішла ў Курапаты праз падземны пераход — ён ужо амаль гатовы. Ва ўрочышчы сьнег практычна растаў, сонца падсушыла лужыны, і трапіць у лягер абаронцаў Курапатаў можна безь перашкодаў.

У намёце разам з валанцёрамі былі два амонаўцы. Міліцыянтам цяпер даводзіцца хадзіць на дзяжурства ў Курапаты пешшу, і некаторыя часта заходзяць да валанцёраў пагрэцца. Дарэчы, апошнім часам амонаўцы не чапляюцца й да бел-чырвона-белага сьцягу, што ўсталяваны побач з намётам.

(Карэспандэнтка: ) “Я бачу, што ў вас склаліся добрыя стасункі з валанцёрамі...”

(Амонавец: ) “Нармальныя хлопцы. Але ж па дамах трэба разьяжджацца...”

(Карэспандэнтка: ) “Вы мяркуеце, што гэта нікому не патрэбна ўжо?”

(Амонавец: ) “Тут ужо ніхто нічога ня зробіць. Застануцца Курапаты”.

Кожны з валанцёраў мае ўдасны досьвед стасункаў зь міліцыяй — і ў часе падзеяў 8 і 9 лістапада, і пазьней. Прыкладам, Ірыну Вяткіну ў часе акцыі Маладога Фронту ў Дзень сьвятога Валянціна затрымалі амонаўцы. Тым ня менш, яна ня ставіцца варожа да міліцыянтаў, што заходзяць да іх у намёт пагрэцца, але ж мае сваё стаўленьне да іхнай працы.

(Вяткіна: ) “Яны ж зарабляюць грошы, а грошы ў нашай краіне — гэта амаль усё. Можа, яны нічога ня ўмеюць, як зьбіваць моладзь. Любы хлопец любіць пабіцца, а ім за гэта яшчэ плацяць вялікія грошы”.

Апошнімі днямі ў лесе пацяплела, сышоў сьнег, і валанцёры пачалі прыбіраць тэрыторыю ўрочышча. Распавядае актывіст Пятрусь:

(Пятрусь: ) “Мы наладзілі санітарны дзень. Прыбіралі ў намёце, выносілі буржуйку, прачышчалі яе. Вакол па Курапатах прайшліся, пазьбіралі сьмецьце, вакол намёту прыбралі. У партыі БНФ казалі, што да нас будуць прыходзіць штодзень, дапамагаць з харчамі. Учора падыходзілі раніцай, увечары таксама. Зараз з харчаваньнем усё добра, хапае”.

Пятрусь у Курапатах амаль зь першых дзён, калі пачалася вахта памяці. Ён адзін з тых, хто вытрымаў лютыя маразы, дажджы, моцныя ветры й галодныя дні. Пятрусь вельмі задаволены тым, што апошнім часам у Курапатах паболела добраахвотнікаў. Ягоную думку падзяляе Стася Басава.

(Басава: ) “Моладзь будзе падыходзіць, таму што сьнег зараз сышоў, зьявілася мажлівасьць працы. Пасьля зімы досыць шмат сьмецьця. Трэба прыбіраць, усталёўваць крыжы. Ізноў вядуцца перамовы аб стварэньні мэмарыялу, і я думаю, што людзі таксама будуць браць удзел у гэтым. З надыходам вясны актыўнасьць моладзі мусіць падвысіцца”.

Я пытаюся ў Антося Шкурынскага з расейскага гораду Муру, які вось ужо другі месяц разам зь беларускімі атывістамі вартуе Курапаты, колькі часу яшчэ ён зьбірацца правесьці ва ўрочышчы.

(Шкурынскі: ) “Думаю, што доўга. Пакуль ня будзе зроблены мэмарыял, трэба ахоўваць. Будзем тут знаходзіцца. Можа, пазьней ужо не ў намёце, але будзем патрулямі сюды хадзіць”.

(Карэспандэнтка: ) “Можа, Вы са сваімі сваякамі з Расеі зьвязваецеся, размаўляеце... Як яны ставяцца да таго, што Вы знаходзіцеся ў Курапатах?”

(Шкурынскі: ) “Бацька сказаў бы “добра”, таму што ён ведае, што гэта — мая справа, і я раблю яе шчыра. Нельга даць загінуць памяці”.

Пры ўваходзе ў намёт абаронцаў Курапатаў вісяць два самаробныя сталёвыя мячы — дзесяць і дванаццаць кіляграмаў. Валанцёры часам па раніцах наладжваюць адмысловыя турніры і, як рыцары ў старажытныя часы, спаборнічаюць паміж сабой зь мячамі ў руках. Вось і сёньня, калі я сыходзіла з Курапатаў, валанцёры Глеб Вязоўскі й Антось Шкурынскі распачалі спаборніцтва.


XS
SM
MD
LG