Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАЛЕКТЫЎ СЬВЕТЛАГОРСКАГА АБ’ЯДНАНЬНЯ “ХІМВАЛАКНО” ЗГОДНЫ НА АКЦЫЯНАВАНЬНЕ


Казімер Яноўскі, Гомель

Нават генэральны дырэктар аб’яднаньня “Хімвалакно” Мікалай Маркаў, ня кажучы ўжо пра дэлегатаў, ня ведае, хто будзе новым гаспадаром прадпрыемства.

Віцэ-прэзыдэнт канцэрну “Белнафтахім” спадар Філонаў таксама абмежаваўся на канфэрэнцыі агульнымі абяцаньнямі, што зыходзяць ад уладных “вярхоў”. Маўляў, цікавасьць да беларускіх нафтахімічных прадпрыемстваў выяўляюць расейскія кампаніі “Слаўнафта”, “Сібур”, “Ітэра”, а таксама “Сургутнафтагаз”.

Што да расейскага “Сургуту”, то сьветлагорцы памятаюць яго надзвычай добра. Тамтэйшы бізнэсовец беларускага паходжаньня Анатоль Сілівончык летам 1999 году прыехаў у Сьветлагорскі раён са сваімі баевікамі й літаральна за гадзіну акупаваў вёску Мікалаеўка.

Невыпадкова, мабыць, і многія дэлегаты ўзьнімалі пытаньне гарантыяў. Рабочая Соф’я Лявоненка патрабавала цягам трох гадоў не скарачаць ніводнага працоўнага месца, захаваць прыстойны заробак. У горадзе выкінутаму на вуліцу чалавеку няма куды падзецца. Не разьвіваецца і прыватны бізнэс.

Афіцыйную прафсаюзную арганізацыю і яе старшыню Дануту Кічкіну хвалюе, ці застануцца на ўтрыманьні прадпрыемства шматлікія сацыяльныя аб’екты — сем дзіцячых садкоў, прафілякторый, спартовы клюб.

Старшыня Свабоднага прафсаюзу Віктар Ахрамчук публічна заяўляў, што да такога глыбокага крызысу прадпрыемстваў прывяла эканамічная палітыка ўладаў. Гадоў пяць таму акцыянавацца можна было безь цяперашняй пасьпешлівасьці, з улікам пэўных прапановаў канкрэтных інвэстараў.

Рашэньне пра акцыянаванне канфэрэнцыя не магла не прыняць. Іншага выйсьця пакуль ніхто ня бачыць.

Каб утрымацца на паверхні, трэба абнавіць вытворчасьць віскознага корду, валокнаў “аксалон”, поліэфірных нітак. Гэта запатрабуе каля 58 мільёнаў даляраў інвэстыцыяў. Такіх сродкаў у “Хімвалакна” няма.

На прадпрыемстве разумеюць, што прынятае рашэньне канфэрэнцыяй пра захаваньне на першым этапе кантрольнага пакету акцыяў, сацыяльнай сфэры — ня больш як дэклярацыя. Паводле волі інвэстара, гэты так званы першы этап можа скончыцца празь месяц ці два.
XS
SM
MD
LG