Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СКАРГУ БАЦЬКІ ПАМЕРЛАГА АКТЫВІСТА “ЗУБРА” АНДРЭЯ ЗАЙЦАВА АДХІЛІЛІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Бацька Андрэя Зайцава зьвярнуўся ў суд з прычыны адмовы пракуратуры Савецкага раёну ўзбудзіць крымінальную справу і дасьледаваць усе абставіны сьмерці сына, якога вэрбавала КГБ у сакрэтныя інфарматары.

У скарзе Юры Зайцаў указаў, што сьледчы пракуратуры ня ўзяў пад увагу наяўнасьць аўдыёстужкі з запісам тэлефоннай размовы сына з супрацоўнікам УКГБ, а таксама перадсьмяротную заяву Андрэя ў Беларускі Гельсынскі Камітэт. Таксама не былі дапытаныя сьведкі. У прыватнасьці, не дапыталі Віктара Карнеенку, які прылюдна заяўляў, што мае інфармацыю пра абставіны вэрбоўкі Зайцава спэцслужбай.

У матэрыялах таксама скажоныя зьвесткі пра стан псыхічнага здароўя Андрэя. І галоўнае – не правераная належным чынам асоба супрацоўніка УКГБ Ястрэмскага, які, паводле меркаваньня бацькі Зайцава, пад імём Алеся Яўсьцігнеева займаўся вэрбоўкай ягонага сына.

Усе згаданыя аргумэнты Зайцава-старэйшага судзьдзя Махамед пад увагу не ўзяў і вярнуў скаргу без разгляду назад на той падставе, што справа нібыта не падведамасная суду.

У Юр’я Зайцава і ягонага адваката Іванішкі ёсць магчымасць звярнуцца яшчэ ў абласную пракуратуру, каб яна правяла ўсебаковае дасьледаваньне прычынаў сьмерці Андрэя Зайцава. Праўда, юрыдычна абгрунтаваць зварот ня проста. Пракурор Савецкага раёну Падсекін не дазваляе адвакату Зайцава пазнаёміцца з матэрыяламі ўжо спыненага сьледзтва.
XS
SM
MD
LG