Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭДАКТАРУ “ШКЛОЎСКІХ НАВІНАЎ” ДАЛІ ШТРАФ І КАНФІСКАВАЛІ АРГТЭХНІКУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Спадара Шчарбака абвінавацілі ў тым, што ён надрукаваў газэту накладам больш за 299 асобнікаў. Летась 6 верасьня ў ягоную кватэру ўварваліся міліцыянты й заявілі, што ён супрацоўнічае з зуброўцамі, парушальнікамі грамадзкага парадку. Супраць гэтых маладзёнаў распачалі крымінальную справу за арганізацыю пародыі на кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку.

Гэты факт і стаў падставай для ператрусу ў былога старшыні прафкаму саўгасу Гарадзец. Пасьля ператрусу міліцыянты зьвезлі ягоныя кампутары й лінаркай вымерылі наклад газэты, якую ён выдае за ўласныя сродкі ўжо дзесяць гадоў.

На судзе спадар Шчарбак спрабаваў даказаць, што газэту друкавалі ў Смаленску на друкарцы, а кампутары нельга аднесьці да гуманітарнай дапамогі, парадак паступленьня якой вызначае вядомы Лукашэнкаў дэкрэт №8. Ён заявіў, што кампутары прывёз ягоны сын, расейскі грамадзянін.

Аднак судзьдзя палічыла больш важкімі высновы раённай пракуратуры, якая й ініцыявала судовы працэс. У выніку адказчыку вынесьлі штраф 100 тысяч беларускіх рублёў і вырашылі канфіскаваць кампутары й зьнішчыць наклад газэты.

Дарэчы напярэдадні суда журналіст зьбіраўся напісаць пра паездку мясцовых чыноўнікаў у Ізраіль за дзяржаўны кошт, а ў горадзе прастойваюць прадпрыемствы. Таму Аляксандар Шчарбак зьвязвае рашэньне суда менавіта з гэтымі намерамі:

(Шчарбак: ) “На гэты час у раёне амаль 50% беспрацоўных. Менавіта гэтыя факты я меркаваў надрукаваць у “Шклоўскіх навінах” напярэдадні суда”, — сказаў рэдактар газэты “Шклоўскія навіны” Аляксандар Шчарбак.

Сёньня 30 студзеня некалькі дзясяткаў рабочых будаўнічага трэсту №12 сабраліся каля будынка аблвыканкаму і запатрабавалі выплаты заробкаў за сьнежань.

Рабочыя на чале зь лідэрам Свабоднага прафсаюзу будаўнічага трэсту спрабавалі патрапіць на прыём да старшыні аблвыканкаму Барыса Батуры. Дарогу ім перакрылі міліцыянты й абвесьцілі, што сёньня ідзе паседжаньне аблвыканкаму. Будаўнікі не супакоіліся і нагадалі, што яшчэ ўчора кіраунік гарадзкой вэртыкалі абяцаў выплаціць заробак ужо сёньня. Пасьля чаго сталі каля будынка з працягнутымі шапкамі й сталі прасіць міласьціну.

Да рабочых выйшаў намесьнік старшыні аблвыканкаму Міхаіл Красноў і паабяцаў зьвярнуцца да ўраду, каб той выдзеліў грошы. Будаўнікі заявілі, што ня будуць працаваць, пакуль ня выплацяць заробак.
XS
SM
MD
LG