Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РЭЗАЛЮЦЫЮ МІТЫНГУ Ў САЛІГОРСКУ ЎЛАДЫ ПРЫЗНАЛІ НЕЗАКОННАЙ


Алесь Мікалайчанка, Менск

11 студзеня, як вядома, удзельнікі мітынгу гэтак адрэагавалі на пастанову Саўміну пад №1804, якую ўрад прыняў у сярэдзіне сьнежня мінулага году, скасаваўшы парадак збору прафсаюзных сяброўскіх складкаў праз заводзкія бугальтэрыі.

Судовае рашэньне ўступае ў дзеяньне з моманту ягонага агалошваньня ў залі суду. У выраку сьцьвярджаецца, што пяціхвілінны страйк, які можа адбыцца пасьлязаўтра ў Салігорску з 12.00 да 12.05 можа нанесьці сур’ёзныя эканамічныя страты "Беларуськалію".

Адказнымі за мітынговую рэзалюцыю судзьдзя прызнаў лідэра прафкаму работнікаў хімічнай прамысловасьці ФПБ Леаніда Зайцава й кіраўніка незалежнага прафсаюзу гарнякоў на прадпрыемстве Міколу Новіка, двох зь дзевяці арганізатараў акцыі пратэсту.

Як тлумачыцца ў судовым рашэньні, абвяшчэньне забастоўкі на мітынгу неправамоцнае, бо паперад яе, паводле Працоўнага кодэксу, павінны стварацца прымірэнчая камісія, прымацца адпаведнае рашэньне прафсаюзнай кафэрэнцыяй ды іншыя працэдуры.

Судзьдзя Генадзь Комель не задаволіў хадайніцтва прадстаўніка Незалежнага прафсаюзу гарнякоў, намесьніка старшыні Беларускага Гельсынскага камітэту Алега Гулака наконт неправамоцнасьці й непадсуднасьці ў гэтым працэсе прафсаюзных арганізацыяў ды іхных лідэраў. Паводле лёгікі спадара Комеля, паколькі за рэзалюцыю 11 студзеня галасавалі каля 7 тысяч сяброў зь ліку прафсаюзных арганізацыяў, то яны й павінны несьці адказнасьць за тое, што можа адбыцца на "Беларуськаліі" 1 лютага.

Ня вынес па просьбе Леаніда Зайцава судзьдзя і свайго прыватнага вызначэньня наконт таго, што сытуацыю і зь мітынгам, і з магчымым пяціхвілінным страйкам справакаваў урад сваёй пастановай ад 14 сьнежня, у выніку чаго былі парушаныя Працоўны кодэкс, Закон аб прафэсіянальных саюзах, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, калектыўныя пагадненьні між прафкамамі й дырэкцыямі шматлікіх прадпрыемстваў.

Пры канцы паседжаньня ў залі суду нечакана зьявіўся старшыня днямі створанага Салігорскага гарадзкога страйкаму Віктар Бабаед. Ён зрабіў сэнсацыйную заяву:

(Бабаед: ) "Сёньня перад судом павінен стаяць страйкам, які створаны ў горадзе Салігорску. Дарэчы, я зьяўляюся старшынём гэтага страйкаму, і менавіта страйкам вядзе ўсю працу па падрыхтоўцы забастоўкі. Прафсаюзы да гэтага ня маюць ніякага дачыненьня".

Віктар Бабаед паказаў удзельнікам працэсу пратакол паседжаньня сяброў страйкавага камітэту, дзе занатаванае аднагалоснае рашэньне: правесьці 1 лютага ў Салігорску пяціхвілінны страйк. Аднак ужо было позна — судзьдзя вынес свой вырак.

У інтэрвію журналістам адзін з адказчыкаў па справе Леанід Зайцаў выказаў расчараваньне тым, што кіраўніцтва ФПБ не падтрымала шахцёрскія прафсаюзы ў барацьбе супраць наступу ўраду на іхныя правы.

Вось што з гэтай нагоды сказаў Радыё Свабода прысутны на працэсе старшыня абласнога галіновага Белхімпрафсаюзу ФПБ Кузьма Кашэўскі:

(Кашэўскі: ) "Калі б у нас была сапраўдная салідарнасьць, то ў нас была б падхопленая гэта зьява, якая прайшла ў Салігорску.Учора і сёньня на судзе павінны быць намесьнікі ці старшыня Фэдэрацыі. Хто павінен вылезьці з акопа першы на бруствэр? Нельга пасылаць прафсаюзныя арганізацыі наперад, а самім сядзець, таптаць дывановыя дарожкі!”

Згаданы вырак прафсаюзныя лідэры будуць абскарджваць у судзе вышэйшай інстанцыі.
XS
SM
MD
LG