Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У НАВАПОЛАЦКУ ЎЛАДЫ АДМАЎЛЯЮЦЦА АД ПЕРАМОВАЎ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацк

Амаль тры месяцы таму наваполацкая арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі зьвярнулася да гарадзкога савету і гарвыканкаму з прапановай пачаць канструктыўны дыялёг паміж уладамі і тутэйшымі дэмакратычнымі арганізацыямі. У гарвыканкаме прапанову доўга вывучалі і, урэшце, далі згоду на правядзеньне круглага стала паміж гарадзкімі ўладамі і прадстаўнікамі тутэйшых дэмакратычных арганізацыяў.

Рыхтуючыся да дыялёгу, гарадзкая арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі перадала ўладам распрацаваную пад эгідаю АГП “Праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця для Беларусі”, пачала рыхтаваць блёк пытаньняў, якія мусілі разглядацца на круглым стале, зьвярнулася праз гарадзкую газэту “Химик” да новапалачанаў з прапановаю дасылаць удзельнікам круглага стала свае пытаньні.

Калі ж прысьпеў час садзіцца за названы стол, гарадзкая вэртыкаль у асобе намесьніка старшыні гарвыканкаму Сьвятланы Туранок паведаміла старшыні гарадзкой суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валеру Шаўчэнку, што круглага стала ня будзе.

Вось што сказаў з гэтай нагоды нашаму радыё Валер Шаўчэнка:

(Шаўчэнка: ) “Круглы стол мусіў адбыцца пры канцы студзеня, пры гэтым паміж прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў і кіраўніцтвам гарвыканкаму была дасягнутая дамова аб фармаце мерапрыемства, колькасьці ўдзельнікаў і месцы яго правядзеньня. І вось, калі тэрміны правядзеньня круглага стала прысьпелі, намесьніца старшыні гарвыканкаму спадарыня Туранок паведаміла, што ён не адбудзецца.

Абгрунтоўваючы такі вэрдыкт, спадарыня Туранок заявіла, што “Праграма сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі”, перададзеная гарадзкому кіраўніцтву, гэта — цытую: “ня наш узровень”. Заўважу, што апроч згаданай праграмы было дастаткова і іншых тэмаў для абмеркаваньня.

Адмова ад перамоваў сьведчыць за тое, што кіруючы рэжым ня здольны да дыялёгу з народам. Адмова ад дыялёгу на рэспубліканскім, а цяпер і на мясцовым узроўні яшчэ раз даказала, што менавіта ўлады не гатовыя ісьці па заяўленай імі ж дарозе лібэралізацыі і дэмакратызацыі”.

Сёньня, па сьведчаньні спадара Шаўчэнкі, у новапалачанаў назапасілася шмат пытаньняў да гарадзкой вэртыкалі, а паколькі ўлады не жадаюць тыя пытаньні выслухоўваць, пра што сьведчыць адмова ад удзелу ў круглым стале, яны атрымаюць іх у пісьмовым выглядзе.
XS
SM
MD
LG