Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МАГІЛЁВЕ ЁСЬЦЬ СВАЕ “КУРАПАТЫ”


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Доўгі час, да 1980-х, гэты кар’ер называлі конскімі могілкамі. Магілёўцы ведалі, што сюды звозяць здохлую жывёлу. А тыя, хто ведаў, што на гэтым месцы расстрэльвалі ў 1920-30 гады — маўчалі, баяліся. Праўда адкрылася ў 1987 годзе, калі дзеці знайшлі ў кар’еры сківіцу з залатым зубам і распавялі пра гэта бацькам.

Улады стварылі камісію, пачаліся раскопкі, і выявілася жахлівая карціна — сотні чалавечых чарапоў з кулевымі дзіркамі ў патыліцы. Як сьведчаць архіўныя дакумэнты, першымі палеглі ў гэтую зямлю праваслаўныя і каталіцкія сьвятары. Знайшліся сьведкі, якія чулі стогны пад зямлёй. Яны ўзгадалі, што немцы ставілі на гэтым месцы стэнд “Глядзіце, што з вамі рабіў Сталін”.

Як сьцьвярджаюць сьведкі, немцы знайшлі сьведчаньні сталінскіх злачынстваў, калі здабывалі будаўнічы пясок. Трэба адзначыць, што ўлады не імкнуліся схаваць ад людзей праўду. Вынікі працы камісіі аналізуе кіраўнік абласной філіі таварыства “Мартыралёг Беларусі” Міхась Булавацкі:

(Булавацкі: ) “Большасьць людзей адмаўляліся пра гэта распавядаць, бо яшчэ баяліся. Але калі мы гэтыя матэрыялы сабралі, КГБ не супраціўляўся. Там быў пастаўлены крыж. Праўда, у той час гэта рабілася вельмі складана. Але крыж пастаўлены і стаіць. Цяпер гэтае месца — як бы ахвярнае месца. Прыходзяць людзі на Дзяды пакланіцца тым, хто загінуў”.
XS
SM
MD
LG