Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ГОМЕЛІ ПРАВЯРАЮЦЬ ДЗЕЙНАСЬЦЬ АБАРОНЦЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

Дзьмітры Іванішка адвакацкую практыку распачаў у 1998-м годзе пасьля заканчэньня юрыдычнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны.

Летась спадар Іванішка як адвакат удзельнічаў у даволі гучных крымінальных справах. У прыватнасьці, на паседжаньні вайсковай калегіі Вярхоўнага суду Беларусі, якая разглядала справу пра хабарніцтва ў Гомельскім мэдычным інстытуце, спадар Іванішка абараняў прарэктара Ўладзімера Раўкова. У гэты ж час адвакат адстойваў і інтарэсы сяброў Задзіночання беларускіх студэнтаў, якіх з бойкай затрымалі ва ўнівэрсытэце падчас раздачы “Студэнцкай газэты”.

Дзьмітры Іванішка выступаў адвакатам на працэсе ў Менску супраць сына экс-прэм’ера Міхаіла Чыгіра.

У Рэчыцы Іванішка абараняе правы маладой актывісткі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Натальлі Брэль. Супраць яе пракуратура распачала крымінальную справу — нібыта за паклёп на Аляксандра Лукашэнку і абразу ягоных гонару і годнасьці.

Зараз Дзьмітры Іванішка разам зь Юрыем Зайцавым дамагаецца ўзбуджэньня крымінальнай справы з прычыны загадкавай сьмерці гомельскага прыхільніка руху супраціву “Зубр” Андрэя Зайцава, якога вэрбавала УКГБ.

Прычыну праверкі сваёй дзейнасьці з боку абласной калегіі адвакатаў спадар Іванішка пакуль патлумачыць ня можа. Ён паведаміў толькі, што гэтым займаецца накіраваная калегіяй адвакатка Тацяна Скрэбнева. Яна правярае справаводзтва, пагадненьні з кліентамі на адвакацкую абарону, хаця, як распавёў спадар Іванішка, скаргаў на ягоную дзейнасьць не было.

Старшыня прэзыдыюму абласной калегіі адвакатаў Валянціна Катко адмовілася даваць які-небудзь камэнтар з прычыны праверкі дзейнасьці адваката Іванішкі. Яна заявіла, што гэта яе права — выбіраць, каго правяраць, а каго — не.
XS
SM
MD
LG