Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ СУД АДПРАВІЎ СПРАВУ СЯБРА ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ ГАНЧАРЫКА НА ПЕРАГЛЯД


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

На калегіі абласнога суда ініцыятар пазову прасіў адмяніць рашэньне камісіі пра ягонае пакараньне ды прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці адказнага сакратара камісіі спадарыню Кандраценку. На сваю карысьць ён прывёў некалькі аргумэнтаў.

Спадара Марозава затрымалі летась у верасьні ў харчовай краме. Калі гандлярка адмовілася паставіць ягоныя рэчы ў камэру захоўваньня, ён запатрабаваў кнігу скаргаў. Гандлярка абвінаваціла яго ў дробным хуліганстве і выклікала міліцыянтаў, якія знайшлі ў ягонай торбе ўлёткі й плякаты за Ўладзімера Ганчарыка. Менавіта тады Паўла Марозава абвінавацілі ў распаўсюдзе шкодных для грамадзкага парадку друкаваных выданьняў. Тады ж камісія дала яму штраф пяць мінімальных заробкаў.

На судзе прадстаўнік аб’яднаньня “Вясна” Барыс Бухель заявіў, што спадар Марозаў не займаўся распаўсюдам улётак, якія да таго ж цяжка назваць друкаванай прадукцыяй. Акрамя гэтага, ініцыятар пазову прасіў вярнуць ягоныя газэты й кампэнсаваць ягоныя маральныя страты. Аднак абласны суд не задаволіў ніводнага патрабаваньня і зноў накіраваў скаргу ў камісію Ленінскага раёну.

Такое рашэньне не задаволіла спадара Марозава, бо ён мае сумнеў у аб’ектыўнасьці й кампэтэнтнасьці камісіі. Як заявіў ён, “Перад некампэтэнтнымі людзьмі пакладзі хоць сто тамоў навуковых працаў — усё роўна для іх яны ня стануць доказамі”. Блізкім часам ён мае намер накіраваць скаргу старшыні абласнога суда.
XS
SM
MD
LG