Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВІЦЕБСКІ МЭДЫЧНЫ ЭКСПЭРЫМЭНТ ПРЫЗНАНЫ ЎДАЛЫМ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Зь літаратуры ды замежных кінафільмаў віцябляне ведалі, што недзе ў сьвеце існуюць сямейныя дактары, якія даглядаюць сваіх пацыентаў з пакаленьня ў пакаленьне ды ведаюць усе іхныя хваробы.

Пра стварэньне тутэйшага інстытуту сямейных дактароў або дактароў агульнай практыкі марылі й віцебскія мэдыцынскія чыноўнікі. Але думалі яны перадусім не пра якасьць аховы здароўя віцяблянаў, а пра эканомію бюджэтных сродкаў. Да гэтага і зводзілася сутнасьць мэдычнага экспэрымэнту, які праводзіўся на Віцебшчыне на працягу 2001 году.

Ініцыятары экспэрымэнту падлічылі, што самае дарагое лячэньне — гэта лячэньне ў мэдычным стацыянары, на яго выдаткоўвалася недзе 65% бюджэтных грошай. Таму віцебскія экспэрымэнтатары вырашылі найперш зэканоміць на ім, шырока разьвіўшы сетку дзённых стацыянараў ды ўстановаў амбуляторнага лячэньня, куды хворы чалавек прыходзіць адбыць прапісаныя працэдуры ды вяртаецца дахаты.

Апроч гэтага, сапраўднай навінкай віцебскага экспэрымэнту сталася практыка “хірургіі аднаго дня”. Згодна зь ёю хворы самастойна праходзіць абсьледаваньне, а плянавая апэрацыя,скажам, выдаленьне жоўцевых камянёў, праводзіцца ўжо ў стацыянары. Прычым зраніцы чалавека апэруюць, а ўвечары ўжо выпісваюць дахаты, пад нагляд участковага доктара.

Коштам такіх вось навацыяў сёлета паменшала колькасьць запатрабаваных койка-месцаў у шпіталях ды, адпаведна, былі зэканомленыя таксама грошы за харчаваньне ды камунальныя паслугі.

Увогуле фінансавае забесьпячэньне ўстановаў мэдычнага стацыянару адышло ў Віцебску на другі плян: цяпер у межах экспэрымэнту грошы выдаткоўваюцца паліклінікам — і не агульнай колькасьцю, а на “душу насельніцтва”, згодна з колькасьцю пацыентаў. І непасрэдна ў паліклініках ужо вырашаюць, якое набыць абсталяваньне, ці якога адмыслоўца ўзяць на працу, каб як мага меней людзей скіроўваць у шпіталь.

Якраз тут нарадзілася і ідэя пра трансфармаваньне сямейнага доктара ў лекара агульнай практыкі, які здолеў бы замяніць сабою адразу некалькі адмыслоўцаў, але абслугоўваць пры гэтым далёка не адну, а некалькі соцень сем’яў.

У Віцебскім дзяржаўным мэдыцынскім унівэрсытэце ўжо наладжанае навучаньне такіх дактароў. І, па словах галоўнага доктара паліклінікі №5 тэрытарыяльна-мэдычнага аб’яднаньня №4, ужо сёньня чатыры адпаведна падрыхтаваных доктара абслугоўваюць 3 660 чалавек.

Дарэчы, на 4-е тэрытарыяльна-мэдычнае аб’яднаньне ў віцебскім экспэрымэнце рабілася асаблівая стаўка: тут некалі працаваў вялікі энтузіяст сваёй справы доктар Віктар Батаў, які здолеў абсталяваць паліклініку самай сучаснай мэдыцынскай тэхнікай. За кошт яе платнага выкарыстаньня ў ходзе экспэрымэнту таксама ўдалося сабраць досыць вялікія грошы.

Віцебскі мэдычны экспэрымэнт па эканоміі бюджэтных грошай сёньня прызнаны ўдалым. І гэта невыпадкова, бо ягоны галоўны распрацоўнік і ідэоляг Валеры Лектараў, колішні кіраўнік упраўленьня аховы здароўя віцебскага аблвыканкаму, працуе цяпер у парлямэнце і кантралюе разьвіцьцё віцебскай мэдыцыны ўжо як старшыня адпаведнай камісіі па ахове здароўя.


XS
SM
MD
LG