Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ НАВАПОЛАЦКУ ПАГАДЗІЛІСЯ СЕСЬЦІ ЗА СТОЛ ПЕРАМОВАЎ З АПАЗЫЦЫЯЙ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацк

Яшчэ мінулым лістападам Наваполацкая гарадзкая суполка Аб’яднанай грамадзянскай партыі зьвярнулася да кіраўнікоў гарсавету й гарвыканкаму з прапановай: правесьці перамовы паміж мясцовымі органамі ўлады і кааліцыяй няўрадавых грамадзка-палітычных арганізацыяў.

Былі прапанаваныя і асноўныя тэмы перамоваў — доступ апазыцыйных структураў да дзяржаўных СМІ, ліквідацыя бюракратычных бар’ераў на шляху іх рэгістрацыі, спыненьне перасьледу актывістаў апазыцыйнага руху, пашырэньне паўнамоцтваў мясцовага савету і, адпаведна, стварэньне асноваў мясцовага самакіраваньня.

Улады не сьпяшаліся з адказам і вось толькі цяпер паведамілі старшыні гарадзкой суполкі АГП Валерыю Шаўчэнку аб тым, што яны ня супраць канструктыўнага дыялёгу і, у сваю чаргу, прапанавалі правесьці круглы стол шырокага фармату.

Адбудуцца перамовы праз два тыдні, у іх возьмуць удзел па дзесяць удзельнікаў з абодвух бакоў. Пры гэтым уладны бок будуць рэпрэзэнтаваць непасрэдна старшыні выканкаму і гарадзкога савету. Дасягнулі таксама дамоўленасьці аб доступе на перамовы журналістаў. Па сьведчаньні спадара Шаўчэнкі, не засталася ўбаку і гарадзкая газэта “Химик”: новапалачане, з дапамогаю яе рэдакцыі, змогуць задаць удзельнікам круглага стала свае пытаньні й данесьці да іх свае прапановы.

Дарэчы сказаць, першыя пытаньні й прапановы ўжо сфармуляваныя: тутэйшая суполка Таварыства беларускай мовы зьбіраецца запатрабаваць ад уладаў аднаўленьня ў школах зьліквідаваных беларускіх клясаў, а таксама будзе патрабаваць ад мясцовага савету прыняцьця пастановы аб легалізацыі ў Наваполацку зганьбаванай уладамі нацыянальнай сымболікі.

Ініцыятары правядзеньня круглага стала спадзяюцца, што перамоўны працэс паміж дэмакратычнымі сіламі й уладай набудзе ўсебеларускі маштаб. Вось што сказаў з гэтай нагоды Валеры Шаўчэнка:

(Шаўчэнка: ) “Гэтая ініцыятыва — першая і адзіная ў рэспубліцы на рэгіянальным узроўні. Але, па маім перакананьні, менавіта такім шляхам, шляхам канструктыўнага дыялёгу, павінны пайсьці ў іншых гарадах і раёнах. Калі наша ініцыятыва будзе падтрыманая, гэта стане сур’ёзным чыньнікам дзеля стварэньня грамадзянскай супольнасьці ў нашай краіне”.


XS
SM
MD
LG