Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ НЯ ЎСЕ ЗГОДНЫЯ ЗЬ ПЕРАХОДАМ ШКОЛАЎ НА ПЯЦІДЗЁННЫ ТЫДЗЕНЬ НАВУЧАНЬНЯ


Алег Супрунюк, Берасьце

Адрозна ад iншых рэгiёнаў краiны, дзе пераход на пяцiдзенку заплянаваны з наступнага навучальнага году, на Берасьцейшчыне яго вырашылi пачаць ужо зараз, адразу пасьля зiмовых канiкулаў.

Ва ўпраўленьнi адукацыi Берасьцейскага аблвыканкаму пазьбягаюць камэнтароў на гэтую тэму. Справа ў тым, што з кастрычнiка мiнулага году застаецца вакантнай пасада кiраўнiка гэтага ўпраўленьня. Таму тут гавораць, што iдэя пачаць экспэрымэнт па пераходу на пяцiдзёнку менавiта зь берасьцейскiх школаў належыць кiраўнiцтву мясцовай вэртыкалi.

Свой пункт гледжаньня выказаў загадчык Жабiнкоўскага раённага аддзелу адукацыi Яўген Гук. Ён паведамiў, што гэты экспэрымэнт пачынаецца згодна з рэзалюцыяй другога зьезду настаўнiкаў. На зьезьдзе абмяркоўвалася магчымасьць скарацiць да 40 хвiлiнаў працягласьць уроку i зрабiць навучальны тыдзень пяцiдзённым. Па словах спадара Гука, гэта дазволiць паменшыць нагрузку для настаўнiкаў i навучэнцаў.

Але гэтую думку не падтрымлiвае большасьць бацькоў, чые дзецi вучацца ў школе №3 у Жабiнцы. На адмысловым сходзе бацькi прынялi зварот да мiнiстра адукацыi й старшынi аблвыканкаму, у якiм выказваюць сваю нязгоду з пасьпешным пераводам навучаньня на пяцiдзёнку. Аналягiчныя меркаваньнi i ў жыхароў Берасьця.

(Спадарыня: ) “Вы самi паглядзiце, дзецi ўжо зараз у школе перегружаныя. А што будзе далей? Мой сын прыходзiць пасьля шасьцi ўрокаў стомлены. А цяпер, калi верыць, будзе па восем–дзевяць урокаў. А харчаваньне? У школе бутэрброд возьме — вось i ўсё. Трэба добра падумаць, каб нешта мяняць”.

Кiраўнiк абласнога камiтэту прафсаюзу работнiкаў адукацыi Мiкалай Коўш таксама лiчыць, што плянаваныя ў школах зьмены яшчэ заўчасныя.

(Коўш: ) “Стратэгiчна пераход на пяцiдзёнку правiльны. Але гэтая сьпешка, імкненьне зрабiць у Берасьцейскай вобласьцi ўсё масава i хутка — можа прынесьцi больш шкоды, чым карысьцi”, — мяркуе Мiкалай Коўш.

Ён не выключае, што яшчэ да заканчэньня канiкулаў, берасьцейскiя ўлады зразумеюць шкоднасьць экспэрыменту i адменяць уласнае рашэньне.


XS
SM
MD
LG