Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БАЦЬКІ АНДРЭЯ ЗАЙЦАВА ПАТРАБУЮЦЬ АД КГБ АБВЯРЖЭНЬНЯ ПАКЛЁПУ НА ІХ СЫНА


Казімер Яноўскі, Гомель

Маці памерлага Андрэя Зайцава, Ларыса Мікалаеўна, перадала ў пракуратуру Савецкага раёну касэту з запісам тэлефоннай размовы сына з супрацоўнікам УКГБ і ягоную заяву ў Гомельскае аддзяленьне Беларускага Гельсынскага камітэту. У заяве, напісанай за два дні да сьмерці, Андрэй Зайцаў прасіў абараніць ягоныя канстытуцыйныя правы і асабістую бясьпеку. Распавядае Ларыса Зайцава:

(Ларыса Зайцава: ) “Я сказала сьледчаму пракуратуры, што ня ўпэўненая, што Андрэй вырашыў пазбавіцца жыцьця. На гэта мне ў пракуратуры адказалі: будзем дасьледаваць”, — паведаміла маці Андрэя Зайцава.

Паводле словаў Ларысы Мікалаеўны, праверку вядзе старшы сьледчы пракуратуры Віталь Ларкін.

Аднак, наколькі вядома, крымінальнай справы пакуль не распачалі. Пракурор Уладзімер Падсекін наогул адмаўляецца весьці гаворку на гэтую тэму.

Бацькі Андрэя Зайцава асабліва абураныя заявай прэсавага сакратара КГБ спадара Котава — той сказаў, што іхны сын нібыта быў асуджаны за згвалтаваньне дзяўчыны і што ён наогул псыхічна нездаровы. Распавядае бацька Андрэя Юры Іванавіч Зайцаў:

(Юры Зайцаў: ) “Калі гэта так, дык гэта яшчэ дзесяць мінусаў КГБ, якое займалася вэрбоўкай. Таму што ціснуць на псыхіку, скажам так, псыхічна нездаровага чалавека — гэта яшчэ большае злачынства”.

Бацька Андрэя абвяргае інфармацыю прэсавай службы пра нібыта ўчыненае Андрэем згвалтаваньне. Суд у сына быў з прычыны ўступленьня ў блізкія адносіны зь дзяўчынай, якой ня споўнілася 16 гадоў і зь якой Андрэй хацеў ажаніцца.

Нават у выраку суда запісана, што адсутнічаюць прыкметы, якія падпадаюць пад артыкулы 166 і 167 Крымінальнага Кодэксу — гэта прыкметы згвалтаваньня і гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характара.

(Юры Зайцаў: ) “Я патрабую ад прадстаўніка КГБ Котава, каб ён прынёс прабачэньні за абразу сына. Ён ня быў псыхічна нездаровым чалавекам і ня гвалціў дзяўчыну. Я патрабую, каб Котаў публічна папрасіў прабачэньня. Інакш мне прыйдзецца падаць пазоў за абразу сына”, — сказаў Юры Зайцаў, бацька памерлага Андрэя Зайцава, які адмовіўся супрацоўнічаць з КГБ.


XS
SM
MD
LG