Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕРАСЬЦІ ЗВОЛЬНІЛІ КІРАЎНІКА МЯСЦОВАЙ ФІЛІІ НАРОДНАЙ ГРАМАДЫ


Алег Супрунюк, Берасьце

Да апошняга часу Георгi Руцкi працаваў у сельскагаспадарчай галiне i ўзначальваў дзяржаўную насенную iнспэкцыю ў Берасьцейскiм раёне.

Падставай для звальненьня зьявiлася тое, што кантракт са спадаром Руцкiм скончыўся 31 сьнежня i ня быў падоўжаны. Пры гэтым не iснавала якiх-небудзь заўваг наконт невыкананьня кiраўнiком iнспэкцыi сваiх службовых абавязкаў.

Сам Георгi Руцкi, якi адначасова ёсьць старшынёй гарадзкой арганiзацыi Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi (Народная Грамада), гаворыць, што скасаваньне кантракту для яго не было нечаканым.

(Руцкi: ) “Фармальна маё звальненьне нiяк ня зьвязанае з палiтычнай дзейнасьцю. Але тое, што я зьяўляюся кiраўнiком гарадзкой арганiзацыi БСДП (Народная Грамада), нi для кога не было сакрэтам. Гэта дазваляла мне адстойваць правы маiх падначаленых — напрыклад, калi справа тычылася iхных звальненьняў альбо незаконнага прымусовага вяртаньня з чарговага адпачынку маiх працаўнiкоў. Удзел у выбарчай кампанii на баку Ўладзiмера Ганчарыка, я мяркую, таксама паўплываў на тое, што са мной вырашылi не падаўжаць кантракт”.

З адмысловай заявай, якая тычыцца звальненьня спадара Руцкага, выступiла Берасьцейская гарадзкая арганiзацыя БСДП (Народная Грамада). У заяве адзначаецца, што гэтае звальненьне абумоўленае палiтычнымi прычынамi. Падчас леташнiх прэзыдэнцкiх выбараў на Беларусi спадар Руцкi актыўна працаваў у Берасьцейскiм штабе кандыдата на прэзыдэнта Ўладзiмера Ганчарыка.

Мясцовыя сацыял-дэмакраты таксама нагадваюць, што апошнiм часам цiск на сябраў партыi iстотна ўзмацнiўся. Месяц таму звольнілі з працы старшыню абласнога аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камiтэту Iгара Маслоўскага, атрымалi вымовы шэраг выкладчыкаў Берасьцейскага дзяржунiвэрсытэту, якiя актыўна ўдзельнiчалi ў выбарчай кампанii на карысьць альтэрнатыўнага кандыдата.

На думку сацыял-дэмакратаў, гэтыя факты сьведчаць, што выкарыстаньне адмiнiстрацыйнага рэсурсу супраць апанэнтаў цяперашняга рэжыму працягваецца i пасьля прэзыдэнцкiх выбараў.

XS
SM
MD
LG