Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА 9 ДЗЁН ПА СЬМЕРЦІ АНДРЭЯ ЗАЙЦАВА ЯГО ПАПЛЕЧНІКІ ПРАВЯЛІ Ў ГОМЕЛІ ПІКЕТ


Казімер Яноўскі, Гомель

Месца пікету каля кінатэатра “Кастрычнік” выбранае невыпадкова. Недалёк, на вуліцы Чкалава ў доме №51, жыў Андрэй Зайцаў, да сьмерці якога, як ведаюць слухачы Радыё Свабода, можа мець дачыненьне ўпраўленьне КГБ.

Каля двух дзясяткаў паплечнікаў спадара Зайцава сталі ў ланцуг зь ягонымі партрэтамі. На правым рагу гэтых партрэтаў — чорная жалобная паласа. Дзяўчына Віка трымала запаленую сьвечку. Мінакі, даведаўшыся пра загадкавую сьмерць Андрэя Зайцава, выказвалі “зубрам “ спачуваньне. Вось што, у прыватнасьці, распавяла сярэдняга веку жанчына:

(Спадарыня: ) “Я ня ведала наогул пра існаваньне гэтага хлопца. Але тое, пра што я даведалася, выклікае абурэньне. Мне проста кепска, мне проста плакаць, крычаць хочацца”.

Гомельскія “зубры” чулі, што КГБ вуснамі свайго прэсавага сакратара спрабуе выставіць Андрэя не зусім здаровым чалавекам, зь нейкімі адхіленьнямі. З гэтай нагоды сябар Зайцава Юрась, што таксама стаяў у пікеце з жалобным партрэтам, распавёў нашаму радыё наступнае:

(Юрась: ) “Я думаю, што гэта правакацыя КГБ. Я ведаў Андрэя, ён быў здаровы чалавек, вясёлы. Ён ніколі б ня скончыў жыцьцё самагубствам. На маю думку, яго забілі”.

Нягледзячы на мароз і завею, пікет доўжыўся цэлую гадзіну. Міліцыя пад’яжджала да пікетоўцаў, пыталася пра дазвол на пікет, але нікога не затрымала.


XS
SM
MD
LG