Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ ЗАПАЗЫЧАНАСЬЦЬ ПА ЗАРОБКАХ СКЛАДАЕ БОЛЬШ ЯК 5 МIЛЬЯРДАЎ РУБЛЁЎ


Алег Супрунюк, Берасьце

Берасьцейскiя ўлады сьцьвярджаюць, што ў апошнiя днi зробленыя iстотныя захады, каб у вобласьцi была лiквiдаваная ўся запазычанасьць па заробках. Чыноўнiкi аблвыканкаму пазьбягаюць канкрэтных лiчбаў, бо па iхных словах, зьвесткі зьмяняюцца штодня.

Мiж тым, па вынiках лiстапада запазычанасьць па заробках на Берасьцейшчыне складала 7 мiльярдаў 744 мiльёны рублёў (гэта амаль 15% усяго фонду заработнай платы). На сэсii абласнога савету дэпутатаў, якая прайшла напярэдаднi Калядаў, была названая iншая лiчба — каля 5 мiльярдаў рублёў. З гэтага можна меркаваць, што загад старшынi аблвыканкаму Васiля Даўгалёва, якi тычыцца лiквiдацыi запазычанасьцi да 26 сьнежня, ня будзе выкананы.

Асноўны цяжар даўгоў традыцыйна кладзецца на аграрны сэктар. Улады праявiлi вынаходлiвасьць i дазволiлi гаспадаркам разьлiчыцца зь сялянамi сельгаспрадукцыяй. У некаторых калгасах натуральная форма аплаты працы дасягнула 100%, таму грошай напярэдаднi сьвятаў вяскоўцы не дачакалiся.

Няма магчымасьцi iстотна зьменшыць запазычанасьць i на прамысловых прадпрыемствах: трэцяя частка ўсёй вырабленай сёлета прадукцыi застаецца нерэалiзаванай. Заробак апошнiх месяцаў на большасьцi прадпрыемстваў вобласьцi (напрыклад, на берасьцейскiх электрамэханiчным, электралямпавым заводах ды "Цьветатроне") выплачваецца выключна за кошт банкаўскiх крэдытаў.

Разам з тым, прамысловасьць ня ў стане разьлiчыцца за раней атрыманыя крэдыты i плацiць падаткi ў бюджэт, у вынiку чаго на шэрагу прадпрыемствах маёмасьць апiсаная падатковымi органамi.

Зьвяртае на сябе ўвагу яшчэ адна акалiчнасьць: паводле афiцыйных дадзеных, сярэднi памер заробку на Берасьцейшчыне апошнiм часам няўхiльна меншае i зараз складае крыху больш за 125 тысяч рублёў. Мясцовыя ўлады прызнаюць, што абяцаньне забясьпечыць зарплату на 100 амэрыканскiх даляраў застаецца недасягальным.
XS
SM
MD
LG