Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАД УЦІСКАМ КГБ СКОНЧЫЎ ЖЫЦЬЦЁ САМАГУБСТВАМ АКТЫВІСТ РУХУ “ЗУБР” АНДРЭЙ ЗАЙЦАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Мёртвым Андрэя Зайцава першай убачыла ягоная маці Ларыса Мікалаеўна, калі напачатку 19-й гадзіны вярнулася з працы дамоў.

Сёньня, на час падрыхтоўкі гэтага рэпартажу, вынікаў экспэртызы адносна прычыны сьмерці яшчэ не было, аднак маці Зайцава сьцьвярджае, што беспарадку ў кватэры яна не заўважыла. Праўдападобна, што сын павесіўся сам.

Да абеду Андрэй хадзіў з маці на рынак, купіў сабе цыгарэты і новую запальнічку. Выразна ў той дзень бяды не адчувалася, хаця апошнім часам Андрэй быў неспакойны.

Распавядае маці Андрэя Ларыса Мікалаеўна Зайцава:

(Зайцава: ) "Вы ведаеце, я проста бачыла, што ён чагосьці баіцца. А чаго баіцца, Андрэй мне раней не казаў. Але я бачыла, што ён такі неспакойны. Мітусіцца — то туды бяжыць, то сюды. Сказаў толькі два дні назад, што яго агітавалі з КГБ стаць правакатарам. Во гэта ён мне распавёў два дні назад".

Андрэй Зайцаў распавядаў сваім сябрам, што яго вэрбаваў супрацоўнік КГБ — старшы лейтэнант Алесь Еўсьцігнееў. Андрэй на ўласныя вочы бачыў пасьведчаньне супрацоўніка КГБ на імя Еўсьцігнеева.

Першая сустрэча з гэтым супрацоўнікам, які назваўся менавіта Алесем Еўсьцігнеевым, адбылася напачатку сьнежня ў ваенкамаце, куды нечакана выклікалі 24-гадовага Андрэя Зайцава нібыта ўдакладніць месца ягонага жыхарства. Супрацоўнік даў тады Андрэю свой тэлефон у КГБ і нумар пэйджэра.

За спадаром Зайцавым цягнулася даволі цьмяная крымінальная справа пра блізкія адносіны зь дзесяціклясьніцай. 12 сьнежня закрыты суд Савецкага раёну Гомеля на падставе заявы не пацярпелай, а трэцяй асобы (пра гэтага чалавека, дарэчы, у моладзевых колах вядома, што ён негалосна супрацоўнічае з КГБ) засудзіў Зайцава на тры месяцы ізалятара. Гэта й дало падставу Алесю Еўсьцігнееву неяк шантажаваць Зайцава.

На мінулым тыдні Зайцаў запісаў тэлефонную размову са спадаром Еўсьцігнеевым. Вось частка гэтай тэлефоннай размовы:

(Зайцаў: ) "Я проста кажу апошні раз, калі захочаце са мной сустрэцца — толькі праз позвачку, праз ваша аддзяленьне Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Афіцыйна".

(Супрацоўнік КГБ: ) "Абавязкова. А чаго гэта ты так? Кансультаваўся з кім-небудзь?"

(Зайцаў: ) "Ды не, не кансультаваўся. Проста мне ўжо усё надакучыла. Я не хачу здаваць сваіх!"

(Супрацоўнік КГБ: ) "Ня хочаш здаваць сваіх? А ты хіба кагосьці здаваў?"

(Зайцаў: ) "Не! І не хачу!"

(Супрацоўнік КГБ: ) "А ты хочаш, каб я цябе здаў?"

(Зайцаў: ) "Каму?"

(Супрацоўнік КГБ: ) "Ах ты — бачыш, сьмелы стаў і дужы. Ну, добра, сьмелы дык сьмелы…"

Пра псыхалягічны ціск і першае знаёмства з супрацоўнікам КГБ у ваенкамаце Андрэй Зайцаў распавядаў мне ў мінулую суботу — за чатыры дні да трагедыі.

(Зайцаў: ) "Малады чалавек сядзіць. Я заходжу, за мной зачыніліся ўсе дзьверы. Памяшканьне было цалкам закрытае. І першае, што ён зрабіў — не называючы сябе, паклаў кайданкі на стол і кажа: "Да нас дайшла інфармацыя, што ў цябе дома ёсьць зброя і боепрыпасы".

Я кажу: выбачайце, вы не назвалі сябе. Тады ён назваўся: "Старшы лейтэнант Еўсьцігнееў Алесь Віктаравіч". Я стаў далей казаць, што ў мяне нічога не было і няма. Калі хочаце, кажу, паехалі да мяне дахаты, зробіце вобыск. Ён мне ў адказ: "Нічога страшнага, мы знойдзем. Усё, што трэба, знойдзем".

Ён стаў мне пагражаць: "Ты вось займаўся перадвыбарнай кампаніяй, зьвязаны з "зубрамі". Я ў адказ: а што тут такога? Ён мне: "На табе ж вісіць крымінальная справа!" Я кажу: калі вісіць, я за гэта сам адказваць буду. Ён: "Я табе прапаную: альбо ты будзеш супрацоўнічаць з намі, і я табе дапамагу, каб ты ня сеў, альбо ты сядзеш за краты, і табе там будзе яшчэ горш", — паведамляў цяпер ужо нябожчык Андрэй Зайцаў.

Начальнік абласной управы КГБ палкоўнік Анатоль Цакун падчас гутаркі заявіў, што згаданы Зайцавым тэлефон ва ўправе ёсьць, аднак няма такога супрацоўніка — Алеся Еўсьцігнеева. Начальнік схільны лічыць, што гэта нейкая правакацыя. Працягвае Анатоль Цакун:

(Цакун: ) "Я ў любым выпадку, калі хтосьці карыстаўся падробным пасьведчаньнем КГБ, буду разьбірацца".

Заўтра ў другой палове дня ў Гомелі хаваюць Андрэя Зайцава.
XS
SM
MD
LG