Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АКЦЫЯНАВАНЬНЕ ХІМІЧНЫХ ГІГАНТАЎ ВЫКЛІКАЕ ТРЫВОГУ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацк

Чуткі пра магчымае акцыянаваньне тутэйшага нафтахімічнага комплексу лунаюць у паветры ўжо ня першы год, і вось, нарэшце, пасьля ўчорашняга выступу кіраўніка дзяржавы, дзе было недвухсэнсоўна заяўлена пра неабходнасьць такога кроку, стала зразумела: працэс пайшоў.

Прыкладна месяц таму ў Менску адбылася нарада, дзе прысутнічалі кіраўнікі вытворчых аб'яднаньняў "Нафтан", "Палімір" і наваполацкай цеплаэлектрацэнтралі, а таксама службоўцы Міністэрства эканомікі ды канцэрну "Белнафтахім".

На нарадзе была зацьверджаная схема стварэньня новай вытворчай структуры, у склад якой мусяць увайсьці ўсе тры вышэйзгаданыя наваполацкія прадпрыемствы. Мяркуецца, што аб'яднаньне вытворчых гігантаў дазволіць усталяваць спрыяльныя ўнутраныя цэны на сыравіну і, адпаведна, зьнізіць тарыфы на электраэнэргію. Вось гэтае магутнае нафтахімэнэргетычнае аб'яднаньне і павінна быць акцыянаванае.

Пры гэтым, як вынікае са словаў кіраўніка дзяржавы, будуць захаваныя працоўныя калектывы, сацыяльная інфраструктура, гарантаванае пастачаньне сыравіны і захаваны за дзяржаваю кантрольны пакет акцыяў.

На маю просьбу пракамэнтаваць такія сьцьверджаньні адзін з наваполацкіх камандзіраў вытворчасьці адказаў ляпідарна: прапанаваная схема ідэальная, а таму нязбытная. Таму, што новыя гаспадары набудуць ня толькі асноўную вытворчасьць, але й сацыяльную інфраструктуру, у Наваполацку ніхто веры не дае.

Між тым, той жа "Палімір" мае на сваім балянсе трамвайнае дэпо, Палац культуры і спорту, прафілякторыі ды іншыя аб'екты. Што зь імі рабіць — ніхто ня ведае.

Ніхто не дае веры і таму, што ў выніку акцыянаваньня ўдасца пазьбегнуць масавых скарачэньняў работнікаў, хаця ў дадзеным выпадку магчымы апрабаваны варыянт, калі пры захаваньні ранейшае колькасьці рабочых і службоўцаў будзе рэзка зьніжаны ўзровень заработнай платы і, нарэшце, ніхто не дае веры таму, што да нас прыйдзе заходні капітал, бо тут для яго неспрыяльны падатковы ды палітычны клімат.

Адзіны, хто можа сёньня стаць саўладальнікам нафтахімічнага комплексу — і тут у новапалачанаў няма сумненьняў — гэта расейскія алігархі. Зрэшты, яны ўжо прыйшлі й праводзяць актыўныя перамовы на мясцовым узроўні. Апошнія такія перамовы, прычым у атмасфэры строгай канфідэнцыйнасьці, адбыліся на пачатку сьнежня ў нафтанаўскім дзіцячым лягеры "Камэта". У Наваполацк, са сваёй аховай і на сваіх "мэрсэдэсах" прыяжджалі прадстаўнікі нафтавай кампаніі "ЛУКойл".
XS
SM
MD
LG