Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАДЫЕАКТЫЎНЫЯ АДКІДЫ ЛЯ БЕРАСЬЦЯ


Алег Супрунюк, Берасьце

Гэтымi днямi Берасьцейскае ўпраўленьне капiтальнага будаўнiцтва атрымала з рэспублiканскага бюджэту 100 мiльёнаў рублёў. Грошы прызначаныя на лiквiдацыю так званага аб'екту №802 i будаўнiцтва магiльнiку для захаваньня радыеактыўных адкідаў.

"Аб'ект 802" — гэта некалi закрытая тэрыторыя ля вядомага мэмарыялу "Брэсцкая крэпасьць". Тут да 1980-х гадоў перагружалi ўранавую руду, што прывозiлi з атамных электрастанцыяў, пабудаваных ва Ўсходняй Эўропе. Неабходнасьць перагрузкi была абумоўленая тым, што чыгуначная каляiна ў былым Савецкiм Саюзе не адпавядае эўрапейскiм стандартам.

Пра iснаваньне небясьпечнага аб'екту фактычна ў цэнтры гораду ведалі нямногія. Мiж тым, спэцыялiсты засьведчылi, што на некаторых участках гэтай тэрыторыi радыяцыйнае выпраменьваньне ў некалькi соцень разоў пераўзыходзiла звычайны фон. Самыя забруджаныя фрагмэнты грунту пасьпелi вывезьцi ва Ўкраiну i захаваць у адной з адпрацаваных шахтаў. Далейшы лёс "аб'екту 802" залежаў ад дзеяньняў беларускiх уладаў.

Першапачаткова плянавалася адвезьцi пашкоджаную радыяцыяй берасьцейскую зямлю ў чарнобыльскiя раёны Гомельскай вобласьцi. Але зь невядомых прычынаў гэтая прапанова была названая "экалягiчна нямэтазгоднай".

Падтрымалі iншы праект — пабудаваць магiльнiк для радыеактыўных адкідаў каля вёскi Струга, што знаходзiцца на мяжы Берасьцейскага й Маларыцкага раёнаў.

Жыхары Стругi ды iншых навакольных вёсак аб прынятым уладамi рашэньнi даведалiся толькi пасьля таго, як распачалiся будаўнiчыя работы. Рэакцыя вяскоўцаў была рэзка адмоўнай: амаль паўтысячы чалавек падпiсалiся пад зваротам у дзяржаўныя ўстановы з патрабаваньнем правесьцi паўнавартасную экалягiчную экспэртызу будаўнiцтва магiльнiку. Ад больш рашучых дзеяньняў жыхароў гэтых мясьцiнаў, якiя вельмi папулярныя ў грыбнiкоў, стрымлiвала адсутнасьць грошай на рэалiзацыю згаданага праекту.

Выдаткаваньне зь бюджэту першых 100 мiльёнаў рублёў з заплянаванага аднаго мiльярду прымушае вяскоўцаў гаварыць пра магчымасьць масавых акцыяў пратэсту ў абарону свайго навакольля i супраць дзеяньняў уладаў, якiя ня лiчыць патрэбным раiцца зь людзьмi ў пытаньнях будаўнiцтва небясьпечных аб'ектаў.
XS
SM
MD
LG