Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СТАРШЫНЯ АБЛВЫКАНКАМУ НЕ РАСПЛАЦІЎСЯ ЗА БУДАЎНІЦТВА СВАЙГО КАТЭДЖУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

А другой палове дня будаўнікі пакінулі свае рабочыя месцы і рушылі да аблвыканкаму. Пэўны час яны пастаялі каля будынку, а потым прайшлі ў аблвыкнакам, дзе іх спынілі міліцыянты. Рабочыя запатрабавалі, каб старшыня аблвыканкаму Барыс Батура разьгледзіў іхную заяву.

У сваёй заяве яны нагадвалі кіраўніку абласной вэртыкалі пра праблему з нявыплатай заробкаў і неабходнасьць разьліку заказчыкаў і дзяржаўных арганізацый з будаўнічым трэстам №12. Як сьцвярджаюць аўтары заявы, за будаўніцтва свайго катэджу перад імі не разлічыўся і сам Барыс Батура.

Рабочыя прасілі “зрабіць неабходныя захады па выплаце заробкаў, бо з гэтай справай пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у краіне бардак”.

З гэтым дакумэнтам, які падпісалі некалькі дзесяткаў рабочых, яны спрабавалі патрапіць на прыём да Барыса Батуры. Калі ім адмовілі у гэтай просьбе , старшыня Свабоднага прафсаюзу будтрэсту Аляксей Паўлоўскі і яшчэ некалькі удзельнікаў акцыі пратэсту зьнялі шапкі і прасілі чыноўнікаў скінуцца ім на харчаваньне.

Відаць менавіта гэты ўчынак прымусіў выйсьці да народа памочніка старшыні аблвыканкаму Барыса Батуры Рыгора Вароніна. Да перамоваў длалучыўся і кіраўнік справаў аблвыканкаму Уладзімер Панцюхоў. Спадар Варонін заявіў, што кіраўніка аблвыканкаму няма і таму выслухоўваць рабочых будзе ён. У аблвыканкам дапусьцілі толькі трох чалавек, Аляксея Паўлоўскага, старшыню абласной арганізацыі Свабоднага прафсаюза Юрыя Новікава і яшчэ аднаго рабочага.

Капэспандэнтаў радыё “Свабода" і радыё “Рацыя” не пусьцілі на сустрэчу на той падставе, што маўляў яны ня маюць акрэдытацыі. Тымчасам кіраўнік справаў аблвыканкаму Уладзімер Панцюхоў пагражаў рабочым пакараньнем і параіў карэспандэнту радые “Свабода“ ня лезьці у справы будаўнікоў.

Адметна, што кіраўнікі гарвыканкаму аднесьліся да скаргі будаўнікоў досыць ляяльна. Пакуль вяліся перамовы на абласным узроўні, выканаўца абавязкаў старшыні гарвыканкаму Віктар Дзюбайлаў запрасіў на сустрэчу усіх рабочых. Ён паабяцаў ім выплаціць грошы да пятніцы і прыняць адстаўку генэральнага дырэктара будтрэсту Браніслава Вацмана.
XS
SM
MD
LG