Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАМЕСТ КАМПУТАРАЎ ЗВЫШ 6 МІЛЬЁНАЎ РУБЛЁЎ ШТРАФУ АТРЫМАЛІ “ГРАМАДЗЯНСКІЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ”


Казімер Яноўскі, Гомель

На думку старшыні “Грамадзянскіх ініцыятываў” Віктара Карнеенкі, падобныя эканамічныя санкцыі азначаюць фактычнае спыненьне дзейнасьці грамадзкай арганізацыі, якая займаецца ажыццяўленьнем ініцыцятываў грамадзянаў у галіне аховы правоў чалавека і вырашэньні сацыяльных праблемаў.

Санкцыі падатковага органа аформленыя інспэктарамі Карцялёвай і Бліновай паводле вынікаў праверкі, пра якую ў “Грамадзянскіх ініцыятывах” нават ня ведалі. Распавядае юрыст “Ініцыятываў” Леанід Судаленка.

(Судаленка: ) “На сёньняшні дзень наша грамадзкае аб’яднаньне даўгоў па падатках у бюджэт ня мае. Такім чынам рашэньне падатковай інспэкцыі адносна санкцыяў носіць супрацьпраўны характар”.

Падаткоўцы, паводле меркаваньня спадара Судаленкі, сваімі шматмільённымі санкцыямі імкнуцца апраўдаць канфіскацыю кампутаровай тэхнікі, учыненую мясцовай управай КГБ незадоўга да верасьнёўскіх выбараў прэзыдэнта. Падставай для канфіскацыі сталася тады распачатая крымінальная справа пра зьяўленьне ў горадзе графіці антыўрадавага зьместу.

Неўзабаве міліцэйскі сьледчы Ўладзімер Вычыкаў справу гэту спыніў і пастановай абавязаў управу КГБ вярнуць кампутаровую тэхніку “Грамадзянскім ініцыятывам”. Аднак управа тэхніку не вярнула, а накіравала ліст у падатковую інспэкцыю пра тое, што “Грамадзянскія Ініцыятывы” нібыта скарыстоўвалі кампутары для назіраньня за выбарамі прэзыдэнта, чым парушылі дэкрэт Лукашэнкі №8.

На падставе высноваў УКГБ падатковая інспэкцыя і вынесла санкцыі ў адпаведнасьці з коштам кампутаровай тэхнікі – амаль 4 тысячаў даляраў штрафу.

Да таго ж супраць кіраўніка “Грамадзянскіх ініцыятываў” Віктара Карнеенкі ў суд накіраваны адміністрацыйны пратакол пра парушэньне дэкрэту Лукашэнкі №8. Спадару Карнеенку пагражае штраф у памеры да 3 мільёнаў рублёў.

Яшчэ да высьвятленьня эканамічных санкцыяў “Грамадзянскія ініцыятывы” хацелі вярнуць сканфіскаваную тэхніку праз абласны гаспадарчы суд. Сюды была пададзеная позва. Аднак судзьдзя Валянціна Новікава на падставе фармальных прычынаў вярнула позву грамадзкаму аб’яднаньню.
XS
SM
MD
LG