Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШ ЗА 10 ЧАЛАВЕК БЫЛI ЗАТРЫМАНЫЯ Ў БЕРАСЬЦI ПАДЧАС АКЦЫI "ЛАНЦУГ НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ"


Алег Супрунюк, Берасьце

Стварыўшы ланцуг, неабыякавыя берасьцейцы трымалi ў руках здымкi вядомых людзей Беларусi, якiя зьнiклi альбо памерлi пры загадкавых абставiнах. Мiнакi даволi прыязна ставiлiся да ўдзельнiкаў акцыi, а некаторыя нават далучалiся да гэтага ланцуга.

З размоваў зь мiнакамi можна было рабiць выснову, што пра лёс Зьмiтра Завадзкага, Юрыя Захаранкi, Вiктара Ганчара ды iншых зьнiклых ведаюць далёка ня ўсе жыхары Берасьця.

Праз 40 хвiлiнаў ля кiнатэатру зьявiлiся першыя мiлiцыянты, якiя хутка выклiкалi сваiх калегаў. Неўзабаве месца правядзеньня акцыi было ачэпленае мiлiцэйскiмi машынамi ды невядомымi асобамi ў цывiльным. Да ланцугу падышоў намесьнiк начальнiка Ленiнскага РАУС Мiкалай Крэгель, якi загадаў удзельнiкам акцыi разысьцiся. Ужо празь некалькi хвiлiнаў у цэнтры Берасьця на вачах у многiх мясцовых жыхароў пачаўся сапраўдны хапун.

Дакладная колькасьць затрыманых дагэтуль не вядомая, але па папярэднiх падлiках мiлiцыянты схапiлi больш за 10 чалавек. Асаблiва жорстка мiлiцыянты паводзiлi сябе з тымі людзьмі, якiя не жадалi сядаць у службовыя машыны.

Людзi ў цывiльным, якiя адмовiлiся прызнаць сваю прыналежнасьць да праваахоўчых органаў, учынiлi гвалт да актывiсткi арганiзацыi "Зубр" Палiны Панасюк. Сiла была ўжытая таксама супраць сяброў праваабарончага цэнтру "Вясна" Васiля Барболiна, Уладзiмера Малея, Генадзя Самойленкi ды iншых. Быў затрыманы i кiраўнiк берасьцейскага адзяленьня "Вясны" Ўладзiмер Вялiчкiн.
XS
SM
MD
LG