Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЕ "САФАРЫ" Ў ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ ЗОНЕ


Казімер Яноўскі, Гомель

Паводле цьверджаньня начальніка адміністрацыі зонаў адчужэньня і адсяленьня Юрыя Кузьміча, штогод афіцыйна выдаюць каля 35 тысяч пропускаў на ўезд у зону. Прыкладна столькі ж людзей сюды прыяжджае нелегальна. Асабліва шмат турботаў адміністрацыі даюць кіраўнікі забруджаных раёнаў. Былі выпадкі, калі старшыні калгасаў у 4 гадзіны раніцы выганялі людзей на забруджаныя тэрыторыі нарыхтоўваць сена.

Іншыя чыноўнікі, у тым ліку і зь міліцыі, глядзяць на зону як на месца для сафары — абавязкова вязуць сюды гасьцей на паляваньне. Толькі сёлета за браканьерства ў зоне аштрафавалі больш як 230 чалавек.

Шмат людзей прыходзіць у зону, каб налавіць рыбы, назьбіраць у сэзон грыбоў. Брудныя харчы зь лесу і вадаёмаў парушальнікі зоны прадаюць альбо ядуць самі. Цяжкія эканамічныя ўмовы вымушаюць да гэтага многіх, асабліва вяскоўцаў.

Шмат хто шукае ў зоне забаваў. Сёлета лесьнікі выявілі тут аўтатрасу са збудаванымі перашкодамі. А ў адселенай вёсцы Кажушкі Хойніцкага раёну васьмёра мужчын і адна жанчына аблюбавалі пакінуты дом для ўцехаў. Як высьветлілася, жанчына была хворая на пранцы.

Апроч таго ў зоне стала пражывае 814 самасёлаў, якія не схацелі пакінуць сваіх хатаў альбо вярнуліся сюды пасьля адсяленьня.

Каб зрабіць зону менш прыцягальнай для людзей, спэцыялісты прапануюць пахаваць забруджаныя радыяцыяй пабудовы. Займаюцца гэтым два спэцыялізаваныя прадпрыемствы: у Гомелі — "Палесьсе", у Магілёве — "Радон".

Аднак пры цяперашніх тэмпах працы з задачай пахаваньня радыеактыўных вёсак прадпрыемствы наўрад ці справяцца наступныя 20 гадоў. Прынамсі, у Гомельскай вобласьці налічваецца амаль 10 тысяч падворкаў, якія падлягаюць пахаваньню. Прадпрыемства "Палесьсе" сёлета здолела закапаць толькі 352 падворкі.

Паводле інфармацыі дырэктара прадпрыемства "Палесьсе" Ягора Паверанага, Камітэт чарнобыльскіх праблемаў пры Саўміне краіны, нягледзячы на дзяржаўную праграму зьмяншэньня наступстваў катастрофы, штогод не выдаткоўвае належных грошай на пахаваньне радыеактыўных хатаў і гаспадарчых пабудоваў. І ня толькі ў зоне адчужэньня, але й на так званых тэрыторыях рэабілітацыі, дзе людзі вымушаныя стала жыць побач з радыеактыўнымі дамамі.
XS
SM
MD
LG