Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ НЕМАГЧЫМА ЗНАЙСЬЦІ НЕ ЗАРАЖАНУЮ РАДЫЕНУКЛІДАМІ СЕЛЬГАСПРАДУКЦЫЮ


Казімер Яноўскі, Гомель

У дзясятках калгасаў і саўгасаў забруджаная бульба. Падвышаны ўзровень радыяцыі назіраецца і вакол водазабораў. Праблемы гэтыя ня новыя, але падобна на тое, што і ў будучыні гэтыя праблемы ня зьнікнуць.

Спэцыялісты аблсельгасхарчу сьцьвярджаюць, што знайсьці сапраўды чыстую прадукцыю ў рэгіёне знайсьці амаль немагчыма. Ва ўсіх іншых выпадках гаворка ідзе пра адносна чыстую прадукцыю — гэта калі, напрыклад, у збожжы ўтрыманьне радыенуклідаў цэзію і стронцыю не перавышае адпаведна 160 і 11 бэкерэляў на кіляграм. З 7000 тонаў збожжа, сабранага сёлета ў Нараўлянскім раёне, няма ніводнага кіляграму нават адносна чыстага. З-за гэтага нараўлянцы церпяць сур'ёзныя фінансавыя страты.

Не нашмат лепшая сытуацыя ў Брагінскім і Хойніцкім раёнах. Тут таксама ўсё вырашчанае збожжа вяскоўцы вымушаныя скарыстоўваць на сьпірт альбо на корм жывёле.

Спэцыялісты цьвердзяць, што сьпірт, мяса і малако, атрыманыя ў выніку скарыстаньня забруджанага збожжа, адпавядаюць дапушчальным узроўням утрыманьня радыенуклідаў паводле беларускіх стандартаў, якія часта значна ніжэйшыя за эўрапейскія.

У высокіх кабінэтах даўно вядуцца размовы пра перакваліфікацыю сельскагаспадарчай вытворчасьці на забруджаных радыяцыях тэрыторыях. Ня раз распавядаў пра яе, калі наведваў пацярпелыя раёны, і Аляксандар Лукашэнка. Аднак рэальна справа амаль ня рухаецца.

Кіраўнік Хойніцкага райсельгасхарчу Мікалай Доліч паведаміў, што сёлета згодна з умовамі апрацоўкі забруджаных радыяцыяй земляў скарэктаваная дзейнасьць толькі 2-х гаспадарак з 11-ці. На наступны год традыцыйная сельгасвытворчасьць будзе перагледжаная яшчэ ў дзьвюх. Пры гэтым у Хойніках спадзяюцца на фінансавую падтрымку канцэрну зь Нямеччыны — у справе вырошчваньня рапсу. На пераарыентацыю астатніх калгасаў і саўгасаў папросту няма сродкаў.

Наагул, дзяржаўныя структуры ў краіне схільныя хутчэй да мэханічнага пераводу населеных пунктаў з шэрагу забруджаных у больш чыстыя, незважаючы на іхны рэальны стан, як гэта сталася зь Сьветлагорскам ды дзясяткамі іншых населеных пунктаў рэгіёну.

Выгада для ўраду відавочная. Ня трэба выплачваць жыхарам гэтак званыя "чарнобыльскія" грошы, траціць сродкі на абавязковыя праграмы аздараўленьня людзей.

Аднак колькасьць праблемаў ад гэтага не зьмяншаецца. Зусім нядаўна на сэмінары ў абласным цэнтры з нагоды радыяцыйнага кантролю аб'ектаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі згадвалася, што ў рэгіёне надзвычай забруджаныя радыяцыяй водазаборы. Ёсьць сьляды радыеактыўных ізатопаў цэзію ў пітной вадзе. Куды падзець дзясяткі тонаў забруджанага радыенуклідамі і солямі цяжкіх мэталаў глею, што скарыстоўваецца для ачысткі вады, ня ведаюць нават навукоўцы.


XS
SM
MD
LG