Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗУБРОЎЦЫ Ў МАГІЛЁВЕ Ў ГОНАР СЛУЦАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ РАЗДАЛІ МІЛІЦЫЯНТАМ ПАШТОЎКІ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Першапачаткова сябры руху супраціву "Зубр" павіншавалі адзін аднаго з гэтым сьвятам. Яны казалі пра знакавае гістарычнае значэньне Слуцкага паўстаньня супраць расейскіх бальшавікоў.

Пасьля гэтага зуброўцы на працягу дня наведвалі шэраг вайсковых частак і міліцэйскіх аддзяленьняў Магілёва і павіншвалі іхных супрацоўнікаў з гэтым гістарычным сьвятам. Большасьць з службоўцаў досыць станоўча рэагавалі на маладзёнаў і ахвотна бралі віншавальныя паштоўкі.

У міліцэйскіх пастарунках, дзе хтосьці калісьці зь іх пабываў у якасьці затрыманых, маладзёны раздавалі паштоўкі і заклікалі шанаваць беларускую гісторыю ды падтрымліваць беларускую дэмакратыю.

Гэтым разам міліцыянты, пераканаўшыся, што зуброўцы настроеныя да іх досыць добразычліва, не спрабавалі абвінаваціць іх у парушэньні заканадаўства. Раздача віншавальных паштовак з выявай "Пагоні" прайшла без затрыманьняў.

Дарэчы, апошнія дні мясцовыя "зуброўцы" нарошчваюць сваю актыўнасьць. Сьвяткаваньне ўгодкаў Слуцкага паўстаньня — гэта ўжо далёка ня першая іхная акцыя. Напярэдадні на мурах дамоў Магілёва зьявіліся надпісы "Батура, адрамантуй будынкі".

Гэткімі графіці невядомыя нагадалі старшыню аблвыканкаму і іншым кіраўнікам выканаўчай улады пра праблемы жыльлёвых дамоў у жыхароў вобласьці. Ужо зараз відавочна, што выканаўчая ўлада больш клапоціцца пра будоўлю фірмовых крамаў, чым пра дробны рамонт кватэраў. Менавіта да гэтай акалічнасьці паспрабавалі прыцягнуць увагу грамадзтва сваімі надпісамі невядомыя аўтары.


XS
SM
MD
LG