Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ БГК Ў БЕРАЗІНЕ НА МОГІЛКАХ ЗНАЙШЛІ БЮЛЕТЭНІ ЧАСОЎ ЛЕТАШНІХ ВЫБАРАЎ У “ПАЛАТУ ПРАДСТАЎНІКОЎ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пра тое, што на могілках у райцэнтры Беразіно ў сьметніку можна знайсьці бюлетэні з часу леташніх парлямэнцкіх выбараў, паведамілі актывістам Беларускага Гельсынскага камітэту мясцовыя жыхары. Актывіст БГК Зьміцер Маркушэўскі выехаў на ўказанае месца і сапраўды знайшоў там больш за сто бюлетэняў за кандыдата ў дэпутаты Пятра Іваненку.

Маркушэўскі сьцвярджае, што у сьметніку можна знайсьці і больш бюлетэняў, але для гэтага трэба пераварушыць шмат старых вянкоў. Усе бюлетэні сапраўдныя, з патрэбнай колькасьцю подпісаў сябраў мясцовай тэратарыяльнай камісіі. Актывісты БГК перадалі іх у пракуратуру і Цэнтральную выбарчую камісію разам з заявамі правесьці расьсьледваньне, як гэтыя бюлетэні аапынуліся на сьметніку. Бо, паводле закону, бюлетэні павінны альбо захоўвацца, альбо праз пэўны тэрмін зьнішчацца. Намесьнік старшыні БГК Гары Паганяйла не выключае, што гэтая знаходка сьведчыць пра махінацыі падчас выбараў.

(Гары Паганяйла: ) "Пракуратура абавязаная разгледзець нашую заяву, таксама павінны разабрацца і ў Цэнтральнай выбарчай камісіі. З часу выбараў мінуў год і, паводле закону, бюлетэні маглі зьнішчыць, але фізічна, у агні ці разрэзаўшы на дробныя кавалкі . Калі ж іх знаходзяць стосамі ў сьметніку, то гэта дае падставы меркаваць пра махінацыі. Магло быць такое, што падпісаных бюлетэняў нарыхтавалі зашмат, укінулі патрэбную колькасць, а ад рэшткі пазбавіліся па дарозе, і гэтая дарога пралягала побач з могілкамі".

Паводле яго, у Цэнтральнай выбарчай камісіі ўжо ведаюць пра інцыдэнт. Сакратар камісіі Мікалай Лазавік нават даў абяцаньне неадкладна правесьці адпаведную праверку .

А вось дэпутат Пётра Іваненка, чыё прозьвішча пазначанае на знойдзеных бюлетэнях, сьцвярджае, што чуе пра гэта ўпершыню.

(Іваненка: ) "Ня ведаю, дзе і што было знойдзенае, для мяне гэта навіна, пра што вы пытаецеся. А па-другое, пра гэта трэба спытаць у мясцовых выбарчых камісіяў, гэта ж яны праводзілі выбыры, а я да іх ня меў дачыненьня".

Дарэчы, да свайго абраньня дэпутатам Пётра Іваненка працаваў намесьнікам генэральнага пракурора Беларусі, і цяпер ягоным былым калегам давядзецца разьбірацца з гэтым інцыдэнтам. Што такая праверка будзе, мяне запэўніў прэсавы сакратар пракуратуры Аляксей Таранаў.

Паводле актывістаў БГК, колькасьць і сур'ёзнасць парушэньняў на леташніх парлямэнцкіх выбарах наагул ставіць пад сумнеў правамоцнасьць гэтак званай "палаты прадстаўнікоў". Знаходка ў Беразіно, на думку праваабаронцаў, ёсьць дадатковым доказам гэтай высновы.


XS
SM
MD
LG