Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВАЎКАВЫСКУ ЗАБАРАНІЛІ ВЫСТАВУ, УБАЧЫЎШЫ НА КАРЦІНЕ “ПАГОНЮ” І БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫЯ СЬЦЯГІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У мінулы чацьвер супрацоўнікі музэя ў майстэрні Зьмітра Іваноўскага выбралі 17 карцінаў — партрэты вялікіх літоўскіх князёў, эпізоды бітваў з крыжакамі й татарамі. Мастак спэцыялізуецца на гэтай тэматыцы. Аднак пасьля выходных дырэктарка музэя Алена Ярашэвіч раптам адмовіла яму. Гаворыць Зьміцер Іваноўскі:

(Іваноўскі: ) "Дырэктарка музэя патэлефанавала з самай раніцы і сказала: прабачце, ня зможам правесьці вашу выставу. Тады я спытаў: як, што, чаму? Была ўжо прызначаная дата выставы — 15-га, чацьвер. Яна сказала, што дах пацёк, такая была вэрсія ваўкавыскага музэя. Я да такой справы ўжо прывык, гэта ня першы раз. Правесьці выставу на тэму гісторыі Беларусі, ды калі там яшчэ будзе выява "Пагоні" або на харугве дзесьці "Калюмны", старажытны герб Княства Літоўскага, — зразумела, што такую выставу цяпер правесьці практычна немагчыма".

Мастаку прывезьлі й вярнулі карціны. Ён лічыць, што існуе няяўная цэнзура — улады кантралююць выстаўныя залі, і кожны дырэктар музэя або загадчык мастацкай галерэі баіцца зрабіць ідэалягічна няслушны крок. Таму ўсе перастрахоўваюцца. Сёлета ў Горадні не дазволілі адкрыць выставу кавалю Юрасю Мацко на 25-га Сакавіка. А перад тым улады спрабавалі выселіць яго з майстэрні.

Раней праз суд пазбавілі майстэрні мастака Алеся Сурава. Паўгода таму вымусілі адмовіцца ад майстэрні самога Зьмітра Іваноўскага. У траўні ўлады прапанавалі яму плаціць за памяшканьне 160 даляраў на месяц — прычым заплаціць заднім чыслом, з самага пачатку году. Цяпер ён малюе ў падвальных сутарэньнях.

Іваноўскі выстаўляў свае гістарычныя карціны і партрэты ў гарадзкой сядзібе БНФ. Летась зрабіў вулічную выставу падчас апазыцыйнага пікету, прысьвечанага ўгодкам бітвы пад Воршай. Мастак узначальвае мясцовае Таварыства народных майстроў, у якім 56 сяброў.

Да нядаўняга часу карціна Іваноўскага з панарамай гораду аздабляла фае гарвыканкаму. Яшчэ некалькі карцін віселі ў чыноўніцкіх кабінэтах. Аднак пасьля выступу мастака на апазыцыйным мітынгу ўсе карціны зьнялі ды схавалі.

Што да працеклага даху Вайскова-гістарычнага музэя імя Багратыёна, дык у Ваўкавыску апошнія дні не было дажджоў. А залю, у якой плянавалі выставу Зьмітра Іваноўскага, толькі нядаўна пабудавалі — яе адкрылі 21 верасьня.

XS
SM
MD
LG