Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ СПРАБУЮЦЬ ЗАБАРАНІЦЬ СЯЛЯНАМ ПРАДАВАЦЬ ЖЫВЁЛУ НА ЎКРАІНУ


Алег Супрунюк, Берасьце

Пра тое, што жывёлагадоўчая галiна на Беларусi знаходзiцца ў заняпадзе, некаторыя кiраўнiкi калгасаў спрабавалi давесьцi Аляксандру Лукашэнку падчас ягонага апошняга вiзыту ў Берасьце. Але тады яшчэ мала хто ведаў, што iснуе адмысловае распараджэньне мясцовых уладаў. Паводле гэтага дакумэнту, цяпер забiваць калгасную жывёлу можна толькi з дазволу старшынi аблсельгасхарчу альбо ягонага намесьнiка. Тыя, ў сваю чаргу, павiнны патрабаваць даведку ад вэтэрынараў, якая б пацьвярджала неабходнасьць забою жывёлы.

Самае цiкавае, што распараджэньне распаўсюджваецца ня толькi на калгасы, але i на фэрмэрскiя гаспадаркi. У берасьцейскiм аблсельгасхарчы лiчаць, што нiчога дзiўнага ў гэтым дакумэнце няма, паколькi iншымi мерамi захаваць статак ужо немагчыма. Зараз, маўляў, зьяўляецца шанец навесьцi парадак у жывёлагадоўлi.

Рэакцыя кiраўнiкоў гаспадарак на гэтае рашэньне зусiм iншая. У неафiцыйных размовах яны сьцьвярджаюць, што карысьцi ад забароны ня будзе, а неабходнасьць кожны раз зьвяртацца да выканкамаўскiх чыноўнiкаў толькi падвысiць карумпаванасьць цяперашнiх уладаў.

Крытычная сытуацыя ў жывёлагадоўлi зьвязаная яшчэ i з тым, што сваю ўласную жывёлу вяскоўцы спрабуюць вывезьцi за межы Беларусi. Там за гэты тавар прапануюць больш грошай, чым у роднай дзяржаве. Да прыкладу, у вёсках Кобрынскага раёна добра ведаюць прадпрымальнiка з суседняй Украiны. За апошнi год ён здолеў купiць на беларуска-украiнскiм памежжы 2400 галоў хатняй жывёлы. Аналягiчныя прыклады iснуюць i ў iншых вёсках Берасьцейшчыны, што мяжуюць з Украiнай.

Кiраўнiкi гаспадарак бачаць выйсьце з гэтай сытуацыi ў падвышэньнi цэнаў на жывёлу. Па iхнаму меркаваньню, зараз яна ў 3-4 разы нiжэйшая, чым кошты на гэтую прадукцыю ў крамах. Але ў аблсельгасхарчы паведамiлi, што ў блiжэйшы час спадзявацца на зьмены ня варта.


XS
SM
MD
LG