Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАБОТНІКІ-БУДАЎНІКІ Ў МАГІЛЁВЕ ПАДАЛІ Ў СУД НА ДЫРЭКЦЫЮ ТРЭСТУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Рабочыя патрабуюць ад адміністрацыі выплаты заробленых улетку ў Расеі грошай. Першапачаткова позвы ў суд накіравалі сем рабочых трэсту, аднак суд палічыў, што тры зь іх няправільна аформілі дакумэнты.

Суд праходзіць у нэрвовай атмасфэры. Рабочыя нагадвалі адказчыкам, што ў Расеі зарабілі яшчэ менш, чым у Магілёве, а ім абяцалі месячны заробак на 150–300 даляраў.

За рэканструкцыю расейскіх казармаў у Адзінцоўскім раёне Маскоўскай вобласьці гэным рабочым выдалі па 40–80 тысяч беларускіх рублёў. А ў Магілёве за адпаведную працу яны атрымлівалі ў два-чатыры разы больш.

Іхны прадстаўнік, юрыдычны консульт Свабоднага прафсаюзу Аляксандар Каралёў, нагадаў суду, што за працу ў замежнай краіне паводле беларускага заканадаўства працаўнік павінны атрымліваць ня менш, чым на Радзіме. Таму рабочыя патрабуюць выплаты заробкаў поўнасьцю.

Адказчыкі сьцьвярджаюць, што заробак выплачаны справядліва, у адпаведнасьці з працоўнымі высілкамі кожнага.

Адметна, што на суд зьявіўся толькі адзін адказчык — начальнік 57-га будаўнічага ўпраўленьня. Пра другога, начальніка 56-га ўпраўленьня Віталя Субача рабочыя кажуць, што ён не зьявіўся на суд таму, што расейскія заказчыкі будоўлі за заробленыя імі грошы набылі яму машыну.

Шумная дыскусія разгарнулася вакол пытаньня пра сутачныя выплаты. Адказчыкі кажуць, што расейцы ўзялі на сябе харчаваньне магілёўцаў, таму ім няма патрэбы выплачваць 15 даляраў на суткі. Будаўнікі паказваюць ліст мясцовай інспэкцыі працы, паводле якога адміністрацыя парушыла нормы выплаты сутачных, занізіўшы іх.

Юрысконсульт дырэкцыі заявіла, што інспэкцыя няправільна зразумела закон, і таму трэст не выключае, што зьвернецца ў суд. Рабочыя патрабуюць, каб суду прад'явілі загад пра выплату камандзіровачных ды іншыя дакумэнты. Гэта й сталася прычынай пераносу суду на панядзелак 19 лістапада.

Між тым, ініцыятары пазову сьцьвярджаюць, што дырэкцыя трэсту патрабуе, каб яны напісалі заявы пра звальненьне з працы на ўласнае жаданьне.


XS
SM
MD
LG