Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АКТЫВІСТЫ ПРЭЗЫДЭНЦКАЙ ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ НА МЕНШЧЫНЕ СПРАБУЮЦЬ АБСКАРДЗІЦЬ ВЫНЕСЕНЫЯ ІМ СПАГНАНЬНІ


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

Старшыня Крупскага райсуду спадар Панкратаў, які сам разглядаў пазоў сацыяльнага пэдагога Андрэя Аляхновіча да загадчыка аддзелу адукацыі райвыканкаму Анатоля Зайцава пра аднаўленьне на працы ў сярэдняй школе №1, цягам кастрычніка–лістапада правёў сем паседжаньняў па справе. Ён апытаў некалькі дзясяткаў сьведкаў, многія сьведчылі на карысьць спадара Аляхновіча.

Блізу будынку суду выхаванцы пэдагога Аляхновіча ды іншагароднія ўдзельнікі руху "Зубр" арганізоўвалі некалькі публічных акцыяў падтрымкі свайго настаўніка. Яны сабралі больш як тысячу подпісаў зямлякоў пад патрабаваньнем аднавіць зволенага з палітычных матываў Андрэя Аляхновіча.

Але старшыня суду сёньня пацьвердзіў рашэньне Анатоля Зайцава і адмовіўся задаволіць пазоў Андрэя Аляхновіча. Цяпер у Крупках, мяркуе прадстаўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Зьміцер Бародка, створаны небясьпечны прэцэдэнт — можна будзе звальняць з працы сацыяльных пэдагогаў і клясных кіраўнікоў, калі іхных выхаванцаў заўважаць у руху "Зубр" ці Маладым Фронце. За гэта ўласна і выгналі з працы Андрэя Аляхновіча.

Дарэчы, вырак судзьдзі Панкратава падлеткі з руху "Зубр", якія і сёньня ў Крупках зьбіралі подпісы пад згаданым лістом, сустрэлі скандаваньнем:

(Падлеткі: ) "Аляхновіча — у школу! Зубры — за свабоду!"

А вось слуцкі судзьдзя спадар Шчупікаў адрозна ад крупчанскага калегі спадара Панкратава скасаваў абвінавачаньне адміністрацыйнай камісіі райвыканкаму на адрас актывісткі АГП, настаўніцы зь мястэчка Вежы Зінаіды Цімошак. Яе абвінавачвалі ў тым, што яна 8 верасьня распаўсюджвала ў вёсцы Гацук выпуск газэты "Народны Прэзыдэнт" без выходных зьвестак. Суд пастанавіў, што ейнае знаходжаньне ў легкавіку, дзе міліцыянты тады знайшлі стос асобнікаў "Народнага Прэзыдэнта", не даказвае, што спадарыня Цімошак займалася недазволеным распаўсюдам выданьня.

Сёньня калегі па настаўніцкай працы і аднапартыйцы павіншавалі сваю сяброўку зь перамогай.


XS
SM
MD
LG