Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ВЕТЦЫ ЗЛАВІЛІ БЫЛОГА РАЁННАГА КІРАЎНІКА, ЯКІ ХАВАЎСЯ АД МІЛІЦЫІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Начальнік Веткаўскай міліцыі Аляксандар Гвозьдзеў пацьвердзіў, што спадара Воінава затрымалі ўчора ў ягоным доме. І гэта стала нібыта вынікам апэратыўна-вышуковай дзейнасьці.

Паводле начальніка міліцыі, спадар Воінаў лічыўся ў міждзяржаўным вышуку, а хаваўся нібыта ў Маскоўскай вобласьці Расеі. Іншыя крыніцы, у тым ліку і пракуратура, сьцьвярджаюць, што Воінаў апошнім часам жыў у Казахстане. У Ветку вярнуўся сам і добраахвотна здаўся міліцыі.

Васіля Воінава прывезьлі ў сьледчы ізалятар абласнога цэнтру, дзе ён чакае адпраўкі ў калёнію ўзмоцненага рэжыму.

Нагадаю слухачам, што асудзілі былога раённага "вэртыкальнага" Воінава ў верасьні 1999-га году разам з дырэктарам саўгасу "Сьвяцілавіцкі" таго ж Веткаўскага раёну Васілём Кудлянковым па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу — за крадзёж у асабліва буйных памерах, службовы падлог, незаконнае захаваньне зброі й боепрыпасаў.

Вырак калегіі крымінальных справаў Гомельскага абласнога суду быў суровы. Васіля Воінава прысудзілі да пазбаўленьня волі на 4 гады ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і з канфіскацыяй маёмасьці. Пасьля адбыцьця пакараньня яму забаронена яшчэ на 4 гады займаць кіроўныя пасады.

Саўгасны кіраўнік Кудлянкоў таксама атрымаў 4 гады турмы, але зараз ён ужо на волі, бо яго трымалі за кратамі яшчэ да суду. Раённага "вэртыкальнага" пашкадавалі. Ён заставаўся дома пад падпіскай пра нявыезд.

Не прычакаўшы разгляду касацыйнай скаргі ў Вярхоўным судзе, Васіль Воінаў зьнік. Ягоная жонка зьвярнулася ў міліцыю з заявай, што 21 студзеня 2000 году муж ад'ехаў у абласны суд чытаць пратакол і дамоў не вярнуўся. З таго часу былы кіраўнік раёну знаходзіўся ў вышуку.

Што прымусіла Васіля Воінава вярнуцца ў Ветку зараз, адказаць цяжка. Дзіўным аднак падаецца тое, што пасьля выраку абласнога суду "вэртыкальны" чыноўнік больш як 4 месяцы працягваў заставацца на волі пад падпіскай пра нявыезд, а калі зьнік — ніхто не займеў аніякага спагнаньня.

Сёньня стала вядома і пра новую гучную справу. Рэгіянальная ўправа камітэту арганізаванай злачыннасьці і карупцыі Міністэрства ўнутраных справаў распачала крымінальную справу на генэральнага дырэктара аб'яднаньня "Гомельхлебпрам" Мікалая Пугачова за злоўжываньне службовым становішчам.

У кампартыйныя часы спадар Пугачоў быў першым сакратаром гаркаму КПБ, а апошнім часам на грамадзкіх асновах узначальваў абласную арганізацыю Партыі камуністаў Беларускай.


XS
SM
MD
LG