Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА ЧАС ПРЫЕЗДУ ЛУКАШЭНКІ Ў БЕРАСЬЦЕ ТАМ СПЫНЯЮЦЬ ВЫХАД ГАЗЭТЫ


Алег Супрунюк, Берасьце

Беспасьпяхова скончылiся сёньня перамовы рэдакцыi газэты "Брестский курьер" з кiраўнiцтвам Берасьцейскай друкарнi i ўпраўленьня аблвыканкаму па друку. Перамовы тычылiся аднаўленьня выхаду газэты ў мясцовай друкарнi: учора дырэктар гэтай установы Васiль Каленiкаў паведамiў, што адмаўляецца друкаваць "Брестский курьер", паколькi рэдакцыя мае папярэджаньне ад Дзяржкамдруку. Пярэчаньнi галоўнага рэдактара Мiкалая Аляксандрава аб тым, што газэта зараз абскарджвае гэтае папярэджаньне ў Вышэйшым гаспадарчым судзе, засталiся без увагi.

Cпробы дамовiцца аб выпуску чарговага нумара "Брестского курьера" па-за межамi Берасьця таксама не далi плёну. Больш таго, у адной з прыватных менскiх друкарняў паведамiлi, што гатовыя выканаць гэты заказ толькi пасьля 9 лicтапада. У рэдакцыi ня лiчаць названую дату выпадковай: менавiта на 9 лiстапада заплянаваны вызыт у Берасьце Аляксандра Лукашэнкi.

Яшчэ нiколi напярэдаднi ягоных ранейшых наведваньняў гэтага рэгiёну ў калiдорах берасьцейскай "вэртыкалi" не панавала такая напружаная атмасфэра. Ад Лукашэнкi чакаюць нейкiх важных кадравых рашэньняў на мясцовым узроўнi. Таму ўжо абвешчаныя адстаўкi некаторых чыноўнiкаў гар- i аблвыканкаму, пазбаўленьне акрэдытацыi журналiстаў незалежных сродкаў масавай iнфармацыi, адмова друкаваць "Брестский курьер" успрымаюцца як ланцуг аднаго пакуль нявядомага сцэнару.

Дарэчы, неафiцыйна рэдакцыю незалежнага выданьня ўжо паiнфармавалi, што пасьля 9 лiстапада яна можа зноў друкавацца ў Берасьцi. Што да сёньняшняга нумара "Брестского курьера", дык ён са спазьненьнем, але будзе надрукаваны. Хутчэй за ўсё, па-за межамi Беларусi.
XS
SM
MD
LG