Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА НАВЕДАЎ НАВАПОЛАЦАК


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Мелася на мэце, у прыватнасьці, вызначыць кірункі разьвіцьця навукова-тэхнічнага поступу на прыкладзе вытворчага аб'яднаньня "Палімір".

Ад самае раніцы ў Наваполацак пачалі зьяжджацца кіраўнікі рознага рангу. Аб 11-й гадзмне ў горад завітаў на гелікоптэры Аляксандар Лукашэнка, і машыны з удзельнікамі нарады накіраваліся на "Палімір".

На вытворчым аб'яднаньні да згаданага мерапрыемства рыхтаваліся як мае быць: увесь папярэдні тыдзень тут перакопвалі кветнікі, фарбавалі платы і бардуры, зьбівалі сухую лістоту з дрэваў, а 30 кастрычніка быў абвешчаны выхадным днём; на працу выйшаў толькі апэратыўны пэрсанал, што непасрэдна заняты на вытворчасьці.

Зрэшты, паспаць лішнюю гадзіну многім паліміраўцам не давялося і яны, паводле складзеных сьпісаў, мусілі прыйсьці ранкам да заводзкай прахадной, каб вітаць дарагога госьця. Паказуха, якой ня бачылі й за савецкім часам, мае ня толькі палітычную, але й мэркантыльную падкладку. Рэч у тым, што ад 19 кастрычніка на "Паліміры" новы генэральны дырэктар — Аляксандар Бароўскі, які дагэтуль працаваў на "Белшыне" і які зьмяніў на гэтай пасадзе Вячаслава Анціпіна. Відавочна, што новы гендырэктар хоча ўбіцца ў ласку да кіраўніка дзяржавы, таму і давялося аўральным чынам фарбаваць платы.

На "Паліміры" Аляксандар Лукашэнка наведаў цэх піролізу, дзе агледзеў новае абсталяваньне, а таксама прадзільны цэх, паабяцаўшы хімікам дзяржаўную падтрымку. Затым правёў нараду, заяўленай тэмай якой, паўтарымся, была праблема тэхнічнага пераўзбраеньня прамысловасьці.

Пазбыўшыся афіцыйных эўфэмізмаў, асноўную праблему нашай прамысловасьці можна сфармуляваць і так: дзе ўзяць грошы дзеля рэканструкцыі вытворчых магутнасьцяў?

Той жа "Палімір" працуе ўжо 33 гады, вырабляючы прадукцыі на 200 мільёнаў даляраў у год. Асноўныя фонды тут дарэшты зношаныя, і калі блізкім часам прадпрыемства не атрымае інвэстыцыяў, гэта пагражае сур'ёзнымі наступствамі ня толькі эканамічнага характару.

У зьвязку з гэтым паліміраўцы гатовыя хоць сёньня пайсьці пад крыло якога заходняга інвэстара, ды ўсьведамляюць, што кіраўнік дзяржавы на акцыянаваньне буйной прамысловасьці ня пойдзе, а таму нічога добрага ад сёньняшняй нарады не чакаюць.


XS
SM
MD
LG