Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРЫХІЛЬНІКІ ДОМАША І ГАНЧАРЫКА ЗГУРТАВАЛІСЯ НА МАГІЛЁЎШЧЫНЕ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёўская вобласьць

Ініцыятыва правядзеньня такой сустрэчы зыходзіла ад крычаўскага грамадзкага аб'яднаньня "Кантакт-цэнтар", якое мае багаты досьвед грамадзкай дзейнасьці. На думку лідэраў аб'яднаньня, блізкія да Крычава раёны маюць патрэбу ў разьвіцьці структураў грамадзянскай супольнасьці.

Сапраўды, у Чэрыкаўскім, Касьцюковіцкім, Краснапольскім і Клімавіцкім раёнах няма ніводнага нядзяржаўнага грамадзкага аб'яднаньня. Дарэчы, менавіта гэтыя раёны найбольш пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы.

Як адзначыў кіраўнік "Кантакт-цэнтру" Лявон Сьвецік, такая ініцыятыва ўзьнікла адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, таму што летам і ў пачатку восені ў камандах кандыдатаў у прэзыдэнты зьявілася нямала людзей, якія не належаць да партыяў альбо аб'яднаньняў, але зацікаўленыя ў пабудове дэмакратычнай Беларусі.

Паводле меркаваньня ўдзельнікаў нарады, пасьля выбараў у Беларусі засталося шмат такіх людзей, якія хацелі б, каб іх задзейнічалі ў грамадзка-палітычным жыцьці краіны.

Прамоўцы заўважылі, што ствараюць каардынацыйную раду пяцёх раёнаў не насуперак магілёўскай абласной Асамблеі няўрадавых арганізацыяў, а ёй у дапамогу. Маўляў, трэба перанесьці цяжар грамадзкай працы ў правінцыю, у сельскую глыбінку.

Тым ня менш прагучала нямала крытычных заўваг у бок асамблеі. Яе крытыкавалі за маруднасьць прыняцьця рашэньняў, за адсутнасьць увагі да глыбінкі, за канцэнтрацыю ўлады ў некалькіх руках.

Удзельнікі нарады спадзяюцца, што стварэньне рады дапаможа актывізаваць грамадзкае жыцьцё ў чарнобыльскіх раёнах і выявіць новыя арганізацыйныя таленты. Адметна, што бальшыню рады складаюць раённыя каардынатары незалежнага назіраньня і кіраўнікі раённых ніцыятыўных групаў былых кандыдатаў у прэзыдэнты.

Чальцы рады спадзяюцца, што іхную ініцыятыву падтрымаюць ва ўсёй Беларусі. Дарэчы, імкненьне да каардынацыі грамадзкіх намаганьняў на ўзроўні некалькі раёнаў праяўляецца і ў іншых буйных гарадах Магілёўшчыны — у Горках і Асіповічах.


XS
SM
MD
LG