Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДВА ПІКЕТЫ АДБЫЛІСЯ Ў ВІЦЕБСКУ З НАГОДЫ ДНЯ ПАМЯЦІ АХВЯРАЎ ПАЛІТЫЧНЫХ РЭПРЭСІЯЎ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Дваццаць удзельнікаў гэтага пікету прыйшлі сюды з бел-чырвона-белымі сьцягамі, запаленымі сьвечкамі ды плякатамі. Асаблівую ўвагу мінакоў прыцягнуў надпіс “Калі забудзеш трагедыі мінулага, яны вернуцца”. Шмат хто зь віцяблянаў, нягледзячы на дождж, спыняўся каля пікетоўцаў, каб пагаварыць і пра лёсы ахвяраў мінулага часу, і пра сучасныя падзеі ў краіне.

Зьявіўся на пікет і прадстаўнік Віцебскага гарвыканкаму – загадчык аддзелу па інфармацыі ды грамадзкіх сувязях Васіль Лялькін. Асабіста ён і даваў дазвол на правядзеньне гэтай акцыі. Але да пікетоўцаў Лялькін чамусьці падыходзіць ня стаў, хаця праходзіў побач некалькі разоў. Затое штораз доўга размаўляў зь міліцыянтамі, прызначанымі ахоўваць грамадзкі парадак на пікеце. Пра што яны гаварылі, не вядома, але пікетоўцам напрыканцы дзьвюхгадзіннай акцыі міліцыянты сказалі, што зь месца іхнага назіраньня пікет глядзеўся надзвычай урачыста і прыгожа.

Ня менш маляўніча выглядаў сёньня і “Ланцуг неабыякавых людзей”, што працягнуўся ўздоўж Прывакзальнае плошчы таксама а 17-й гадзіне.

Яго ўтварылі віцебскія сябры Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі. Сямёра удзельнікаў акцыі запалілі сьвечкі памяці перад партрэтамі Завадзкага, Красоўскага, Ганчара, Захаранкі ды Карпенкі, а яшчэ трое сяброў АГП раздавалі мінакам адмыслова выдрукаваныя да акцыі буклеты зь лёзунгам “Мы памятаем”, прысьвечаныя гэтым людзям. Несанкцыянаваная акцыя працягвалася роўна адну гадзіну ды прайшла без умяшаньня прадстаўнікоў віцебскае міліцыі.


XS
SM
MD
LG