Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ЗАФІКСАВАНЫЯ ТРЫ ВЫПАДКІ “ПАШТОВАГА ТЭРАРЫЗМУ”


Казімер Яноўскі, Гомель

Першым у сваёй паштовай скрынцы знайшоў капэрту з парашком жыхар Калінкавічаў — палкоўнік у адстаўцы Яфім Валадарскі. Капэрта была бяз штэмпэлю. Спадар Валадарскі паведаміў пра знаходку ў мясцовы аддзел міліцыі, баючыся, што ў капэрце могуць быць споры небясьпечнай хваробы.

Міліцыянты прыехалі на кватэру да пэнсіянэра разам з супрацоўнікамі гарадзкой службы надзвычайных сытуацыяў. Падазроную капэрту забралі й перадалі на дасьледаваньне Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі. Як высьветлілася, у капэрце была звычайная сода. Але адстаўны палкоўнік з Калінкавічаў скардзіцца, што расьсьледаваньне гэтай справы не вядуць.

Яшчэ дзьве капэрты зь невядомымі сыпкімі рэчывамі выявілі падчас сартыроўкі пошты ў Гомелі супрацоўнікі дзяржаўнага прадпрыемства "Гомельаблпошта". Яны зьвярнулі ўвагу на подпіс адпраўніка — "Усама бін Лядэн". Капэрты мелі мясцовыя штэмпэлі і былі адрасаваныя маладым людзям на вуліцу Савецкую і Студэнцкі праезд.

Служба бясьпекі "Гомельаблпошты" выклікала спэцыялістаў упраўленьня надзвычайных сытуацыяў. Зьмесьціва капэртаў правяраюць зараз эпідыміёлягі абласнога Цэнтру гігіены. У адной капэрце сыпучка, падобная да пральнага парашку, а ў другой — на муку. Намесьніца галоўнага доктара цэнтру Людміла Атрошчанка кажа, што поўны аналіз рэчываў зойме 12 дзён. Дасьледаваньні вельмі дарагія — толькі на сродкі дэзінфэкцыі затрацілі ўжо 48 тысяч рублёў. Іншыя выдаткі падлічваюць.


XS
SM
MD
LG