Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ГОМЕЛІ ЎПРАВА КГБ І ПАСЬЛЯ СПЫНЕНЬНЯ СЬЛЕДЗТВА НЕ ВЯРТАЕ ГРАМАДЗКІМ АРГАНІЗАЦЫЯМ АДАБРАНАЙ ТЭХНІКІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Пастанову спыніць крымінальны перасьлед грамадзкіх арганізацыяў вынес гомельскі сьледчы асабліва важных справаў сьледчага камітэту пры міліцэйскім міністэрстве Ўладзімер Вычыкаў. Пастанова таксама абавязвае ўправу КГБ вярнуць сканфіскаваныя кампутары "іх законным уладальнікам".

Тым ня менш дазнаўца КГБ Яўген Сьцепаненка, які зь іншымі супрацоўнікамі ўчыняў ператрус у памяшканьнях "Гарту" і "Грамадзянскіх ініцыятываў", адмаўляецца вяртаць тэхніку грамадзкім арганізацыям, ён спасылаецца на просьбу падатковай інспэкцыі затрымаць кампутары.

9 кампутараў, 3 друкаркі, 2 сканэры і ксэракс управа КГБ беспадстаўна сканфіскавала ў сувязі з распачатай незадоўга да выбараў крымінальнай справай. Як падавалася, нагодай былі графіці антыўрадавага характару на сьценах гарадзкіх будынкаў. Праўда, у хуткім часе КГБ пераадрасавала крымінальную справу міліцэйскаму сьледчаму камітэту, які зараз і спыніў яе.

Кіраўнік "Грамадзянскіх ініцыятываў" Віктар Карніенка лічыць, што графіці былі толькі падставай для ператрусаў. Кампутарамі на сьценах ніхто ня піша. Галоўнае было перашкодзіць незалежнаму назіраньню на выбарах, хаця і тут кампутары ні пры чым — назіралі людзі.

Нягледзячы на тое, што крымінальная справа развалілася, з КГБ накіравалі ліст ў падатковую інспэкцыю Чыгуначнага раёну — прапанавалі праверыць "Грамадзянскія ініцыятывы" на прадмет нямэтавага выкарыстаньня тэхнікі. Правярае таксама "Ініцыятывы" і абласная ўправа юстыцыі.

Падставай зноў-такі ёсьць назіраньне на выбарах. Падаткоўцы ў сваю чаргу зьвярнуліся ў КГБ з просьбай затрымаць тэхніку. Гэткае зачараванае кола.

Абласная пракуратура, куды "Грамадзянскія ініцыятывы" накіравалі скаргу на беззаконьне, даслала адпіску.


XS
SM
MD
LG