Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГАРАДЗЕНШЧЫНЕ СЯЛЯНАМ НЯ ПЛАЦЯЦЬ ГРОШАЙ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Перад прэзыдэнцкімі выбарамі заробкі ў вобласьці заплацілі амаль усім. Запазычанасьць была зусім невялікая. Толькі што апублікавалі статыстычныя зьвесткі. На 30 верасьня заробкі за жнівень яшчэ не атрымалі амаль 90 тысяч чалавек. Запазычанасьць склала 6 мільярдаў 666 мільёнаў рублёў. Асноўную частку — 5 мільярдаў 300 мільёнаў не заплацілі вяскоўцам.

Цяпер становішча пагоршала. Як паведамілі мне ў абкаме прафсаюзу працаўнікоў аграпрамысловага комплексу, грошы за жнівень пачалі выдаваць. Праўда, толькі часткова. Аднак ня выплацілі таксама яшчэ большую суму за верасень. На сёньняшні дзень запазычанасьць па заробках дасягнула на сяле 9 мільярдаў рублёў.

Сытуацыю адлюстроўвае нават стан выплаты прафсаюзных унёскаў, паколькі іх папросту вылічваюць з заробку, калі ён выдаецца. А сёньня ў прафсаюзнай касе не хапае ўжо амаль трэці мільярда рублёў.

Цяжкасьці з выплатай грошай ёсьць амаль ва ўсіх калгасах. Такіх гаспадарак 200. Ня плацяць заробкаў і ў 36 саўгасах. Старшыня абкаму прафсаюзу Дзьмітры Арлоўскі гаворыць, што кожны год сытуацыя паўтараецца. Аднак, маўляў, паступова заробкі ўсё ж выплачваюць.

Але вядомыя таксама іншыя факты. Летась Аляксандар Лукашэнка наведаў Лідзкі раён ды загадаў мясцовым уладам тэрмінова ліквідаваць запазычанасьць па заробках. І калі па выніках верасьня ў тым жа раёне ў шасьці калгасах не разьлічыліся з працаўнікамі, райвыканкам пакараў іхных старшыняў.

Тады абласныя ўлады націснулі на банкі, каб тыя выдалі вялікія крэдыты для выплаты заробкаў. Сёньня, падобна, гэтага ня будзе. У Ваўкавыскім раёне некаторыя старшыні зноў пачалі браць крэдыты, каб заплаціць калгасьнікам грошы. Аднак уладам гэта не спадабалася.

Яны таксама крытыкуюць тыя гаспадаркі, дзе пачалі вымушана з гэтай жа мэтай тэрмінова здаваць жывёлу на мяса альбо выдаваць заробкі сельгаспрадукцыяй. Паколькі ў такіх калгасах няшмат і прадукцыі, і найперш яны павінны разьлічыцца зь дзяржавай.

Рэальна ў гаспадарках раёну мала дзе выплачваюць грошы. У адным толькі калгасе імя Заслонава задаўжалі працаўнікам 20 мільёнаў рублёў.


XS
SM
MD
LG