Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД ПАПЯРЭДЗІЎ МАГІЛЁЎЦА ЗА АКЦЫЮ “ХОЧАМ ВЕДАЦЬ ПРАЎДУ”


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

25-гадовы Сяржук Гіркін, які на акцыі 30 верасьня трымаў фотапартрэт Зьмітра Завадзкага, сваёй віны не прызнаў. Журналіст патлумачыў судзьдзі, што ён хацеў выразіць салідарнасьць сям'і Зьмітра Завадзкага, нагадаць міліцыі пра лёс зьніклых людзей.

Нагадаю, што 30 верасьня больш як 20 магілёўцаў выйшлі ў цэнтар гораду з фотапартрэтам Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага, Андрэя Клімава. У гэты дзень міліцыянты затрымалі старшыню Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку, кіраўнікоў мясцовай арганізацыі Валер'я Сівуху і Ўладзімера Гайдукова, а таксама Сяржука Гіркіна.

Зразумелы інтарэс міліцыянтаў да партыйных лідэраў, але чаму затрымалі маладзёна, шараговага ўдзельніка акцыі? — гэтага яны так не змаглі патлумачыць. Маёр Чумакоў патлумачыў, што затрымаў спадара Гіркіна, таму што ведае яго асабіста, а іншых удзельнікаў акцыі — не.

Акрамя маёра Чумакова ніхто зь міліцыянтаў не спрабаваў абвінаваціць адказчыка ў правапарушэньні. Усе іншыя абвінаваўцы сьведылі супраць Анатоля Лябедзькі.

Ці можна назваць хвіліну маўчаньня правапарушэньнем — з такім пытаньнем зьвярнуліся да судзьдзі грамадзкія абаронцы. На што Ірына Сарока адказала: "Так, як і галадоўку". Адпаведна з гэтым разуменьнем судзьдзя расцаніла ланцуг неабыякавых людзей як несанкцыянаваны пікет, за што адказчык атрымаў папярэджаньне.

Вось як пракамэнтаваў гэты вырак старшыня магілёўскага аб'яднаньня "Паходня" Сяржук Гіркін:

(Гіркін: ) "Мая невінаватасьць тут відавочная. Я проста ішоў да касьцёла на вечаровую імшу. Стаў у ланцуг, каб выказаць салідарнасьць з тымі, каму зараз кепска. Паколькі я лічу Завадзкага сваім калегам, дык і ўзяў ягоны партрэт. Але міліцыянты, як і судзьдзя, не маглі паступіць інакш, бо ў нашай краіне, асабліва пасьля выбараў, апраўдальныя рашэньні ў справах такога кшталту — нагода, каб страціць працу".


XS
SM
MD
LG