Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ЗУБАР” У КРУПКАХ НАЛАДЗІЎ СЁНЬНЯ ПІКЕТ У АБАРОНУ ЗВОЛЬНЕНАГА ПА ПАЛІТЫЧНЫХ МАТЫВАХ НАСТАЎНІКА


Алесь Мікалайчанка, Крупкі

Пікет у Крупках актывісты Жодзінскай, Барысаўскай і мясцовай філіяў руху "Зубр" выставілі каля ўваходу ў раённы суд невыпадкова. Менавіта тут сёньня судзьдзя Панкратаў меўся разгледзець пазоў Андрэя Аляхновіча да Анатоля Зайцава пра аднаўленьне на працы.

Загадчык райаддзелу адукацыі Анатоль Зайцаў звольніў спадара Аляхновіча толькі таму, што ў выхаванцаў сацыяльнага пэдагога напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў міліцыянты знайшлі зуброўскія налепкі "Час прыбіраць".

Роўна а 10-й раніцы юнакі і дзяўчаты разгарнулі ля суда свае плякаты. Затым адна група зуброўцаў пачала раздаваць мінакам улёткі, дзе распавядалася пра звальненьне Андрэя Аляхновіча. А рэшта моладзі зьбірала подпісы пад зваротам да кіраўніцтва крупскага райвыканкаму наконт аднаўленьня на працы пэдагога. За гадзіну пікетаваньня пад гэтым лістом падпісаліся 155 крупчанцаў.

Вось што сказаў Свабодзе пра спадара Аляхновіча бацька дзіцяці, што ходзіць у школу №1:

(Бацька: ) "Дзеці яго любяць, ён тут араганізаваў скаўцкі рух. Я сам ведаю, што ўсе дзеці за яго гарой".

Спадара Зайцава чакалі ў залі суда гадзіну, але ён не зьявіўся. Затым судзьдзя Васіль Панкратаў абвесьціў Андрэю Аляхновічу, адвакатцы Сьвятлане Гарбаток і прадстаўнікам праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянціну Стэфановічу ды Зьмітру Бародку, што з прычыны няяўкі адказчыка разгляд справы пераносіцца на наступную пятніцу.

Гэта абурыла прысутных. Вось што сказаў Свабодзе вядомы мастак, жыхар мястэчка Бобр Алесь Пушкін:

(Пушкін: ) "Немалаважны факт — адказчык па гэтай справе старшыня райана Зайцаў збаяўся і не зьявіўся ў суд. Яму было сорамна бачыць людзей, настаўнікаў, інтэлігенцыю, якія прыйшлі падтрымаць Андрэя Аляхновіча".


XS
SM
MD
LG