Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ПРАЦУ – “СПАЖЫВЕЦКІ КОШЫК”


Алег Супрунюк, Берасьце

Ліст падпісаў намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства "Берасьцеэнэрга" Мінюк, і ён адзначае, што ад верасьня энэргасыстэма практычна цалкам страціла платаздольнасьць. Адбываецца гэтак таму, што спажыўцы не разьлічваюцца за электраэнэргію.

Як вынік, "Берасьцеэнэрга" зараз ня мае грошай, каб разьлічыцца са сваімі супрацоўнікамі. Кіраўніцтва прадпрыемства паведамляе, што заробак за верасень будзе выплачвацца толькі ў межах "спажывецкага кошыка" — цяпер гэта крыху больш за 55 тысяч рублёў. Рэшту заробку можна будзе атрымаць толькі тады, як спажыўцы электрычнасьці пачнуць выплачваць свае запазычанасьці.

Філіям "Берасьцеэнэрга" загадваюць самастойна браць захады дзеля скарачэньня гэтай запазычанасьці, прычым разьлік мусіць ісьці гатоўкай.

У прадпрыемстве "Берасьцеэнэрга" таксама паведамілі, што на стан некалі адной з найпрыбытковых установаў паўплывала і рашэньне падатковых органаў. Яны заблякавалі рахункі ў амэрыканскіх далярах і расейскіх рублях. У той жа час энэргетыкі мусяць выплаціць у кастрычніку 5 500 эўра — як адсоткі па атрыманым банкаўскім крэдыту.

Да гэтага трэба дадаць, што "Берасьцеэнэрга" напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў ужо атрымала сем крэдытаў, у тым ліку два для выплаты заробкаў. Агульная сума крэдытаў — больш як 4 мільярды рублёў.

Энэргетычныя структуры ў раёне спрабуюць шукаць выйсьце з сытуацыі з дапамогай экспэрымэнтаў. Гэтак, у Лунінцы энэргетыкі на 11% зьніжаюць кошт сваіх паслугаў для калгасаў — але пры ўмове, што тыя пачнуць выплачваць запазычанасьць і плаціць за электрычнасьць надалей. Ніводная гаспадарка гэтай ільготы не скарыстала — няма грошай. Калгасы толькі Лунінецкага раёну вінаватыя энэргетыкам больш як 2,5 мільярды рублёў.

XS
SM
MD
LG