Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГАРАДЗЕНСКІЯ МІЛІЦЫЯНТЫ НЯ ЗДОЛЕЛІ ДАКАЗАЦЬ У СУДЗЕ ВІНАВАТАСЬЦЬ АДНАГО З ПАПЛЕЧНІКАЎ ГАНЧАРЫКА


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Міліцыянты ня здолелі давесьці ў судзе тое, што сьцьвярджалася ў пратаколе — што спадар Салянік зьяўляўся арганізатарам мітынгу. Высьветлілася таксама, што перадвыбарчы мітынг прайшоў без заўваг. У складзеным тады пратаколе пазначана адно, што былі два нэўтральныя транспаранты, і што Ўладзімер Ганчарык заклікаў галасаваць за яго.

Карацей, усё адбылося без парушэньняў грамадзкага парадку. Гэта прызналі ў судзе і самі міліцыянты. Аднак пазьней пракуратура запатрабавала, каб міліцыя правяла праверку і каб арганізатараў прыцягнулі да адказнасьці. Так зьявіўся пратакол аб правядзеньні недазволенага мітынгу.

Кіраўнік рэгіянальнага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту Аляксандар Антанюк зазначыў у судзе наступнае:

(Антанюк: ) "Міліцыя не перашкаджала праводзіць перадвыбарчы мітынг і не заклікала ўдзельнікаў разысьціся. І толькі калі сталі вядомыя вынікі выбараў, спадара Саляніка вырашылі пакараць".

У судзе выступілі начальнік штабу Ленінскага райаддзелу міліцыі Недагібчанка і два ягоныя падначаленыя. Аднак зь іхных паказаньняў не вынікала, што спадар Салянік вінаваты ў арганізацыі мітынгу Ўладзімера Ганчарыка.


XS
SM
MD
LG