Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ – МАСАВАЕ ЗВАЛЬНЕНЬНЕ РАБОТНІКАЎ НА РАДЫЁЗАВОДЗЕ


Казімер Яноўскі, Гомель

Як паведаміў начальнік аддзелу кадраў радыёзаводу Віктар Чарняўскі, сёлета да пачатку кастрычніка завод ужо звольніў 370 рабочых і інжынэрна-тэхнічных спэцыялістаў. Пад чарговае скарачэньне трапляюць яшчэ 120 чалавек. Найперш гэта спэцыялісты аддзелаў і розных тэхнічных службаў, бо папярэднія скарачэньні закранулі найбольш вытворчыя цэхі.

У рабочым асяродку наогул распаўсюджанае нэгатыўнае стаўленьне да інжынэрна-тэхнічнага пэрсаналу. Мяркуюць, што менавіта з-за значнай колькасьці інжынэраў, тэхнолягаў ды іншых спэцыялістаў не ўдаецца стабілізаваць сытуацыю на заводзе.

Раней радыёзавод уваходзіў у вайскова-прамысловы комплекс былога СССР і выпускаў сродкі сувязі. За 10 гадоў завод так і ня здолеў знайсьці сабе трывалага месца на беларускім рынку. Даўгі за энэрганосьбіты, крэдыты, падаткі перавысілі 3 мільярды рублёў. Колькасьць рабочых на заводзе скарацілі больш як утрая, але дырэкцыя працягвае звальняць пэрсанал.

Гарадзкі цэнтар занятасьці насельніцтва прапануе дырэкцыі радыёзаводу не звальняць частку рабочых і спэцыялістаў, а накіраваць на працу на расейскі агрэгатны завод у невялікім гарадку Людзінава Калускай губэрні. Іншым звольненым прапанавалі паехаць на збор яблыкаў у Варонескую губэрню.

Наколькі вядома, кіраўнікі агрэгатнага заводу зь Людзінава мелі перамову з дырэктарам радыёзаводу Анатолем Кірыкавым. Аднак канкрэтнай дамовы пакуль няма. Расейцам для выкананьня заказу горна-здабывальнай прамысловасьці патрэбныя кваліфікаваныя рабочыя пэўных спэцыяльнасьцяў. Аднак іх пасьля масавых звальненьняў не хапае і радыёзаводу.

Да таго ж расейцы прапануюць толькі часовую працу вахтавым мэтадам, што таксама абцяжарвае пошук жадаючых.

Пошукі працы ў суседняй Расеі — ня рэдкасьць для гамельчукоў, асабліва калі іх скарацілі, альбо тых, хто ня можа пракарміць свае сем'і з-за нізкіх заробкаў. Гамельчукі ўдзельнічалі нават у будаўніцтве храма Хрыста Збаўцы ў Маскве.

Штопраўда, нягледзячы на саюзныя дачыненьні Беларусі й Расеі, беларускія грамадзяне, якія наняліся на працу ў суседзяў, вымушаныя плаціць падаткаў больш як у два разы за расейскіх рабочых.


XS
SM
MD
LG