Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАТЭСТ РАБОТНІКАЎ МТЗ АДГУКНУЎСЯ СПЫНЕНЬНЕМ ЗАВОДУ Ў АШМЯНАХ


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня рабочыя ашмянскага заводу "Радыётэхніка" працавалі толькі раніцай. Потым у іхную працу ўмяшаліся энэргетыкі. Вось што паведаміў нашаму радыё старшыня прафкаму прадпрыемства Іван Амбражэвіч:

(Амбражэвіч: ) "Аб 11-й гадзіне афіцыйна паведамілі, што вымушаныя нас адключыць — бо не зьліквідавалі запазычанасьць. У нас доўг за жнівень. Пра магчымае адключэньне заводу нас папярэджвалі яшчэ на мінулым тыдні. Была дамоўленасьць, што Менскі трактарны завод, які ёсьць нашым партнэрам, выдасьць нам вэксаль на 50 мільёнаў рублёў. Але ў пятніцу ў сувязі са страйкам усе грошы, якія меў трактарны завод, яны выкарысталі, каб патушыць гэты пажар".

Паводле ягоных словаў, спыненьне ашмянскага заводу яшчэ больш пагоршыць ягонае фінансавае становішча. Звыш 400 работнікаў прадпрыемства з прычыны падзеяў на МТЗ засталіся без заробкаў. Як лічыць Іван Амбражэвіч, спыненьне ашмянскім прадпрыемствам вырабу камплекных дэталяў для трактарнага заводу пагражае неяпрыемнасьцямі й менскім рабочым.

Між тым, сёньня 22-тысячны калектыў МТЗ, паводле зьвестак адміністрацыі, завяршаў атрыманьне жнівеньскіх заробкаў. Каб папярэдзіць падобныя выступы, кіраўніцтва трактарнага заводу ўжо зараз мусіць шукаць грошы для выплаты верасьнёўскіх заробкаў.

Пратэст рабочых МТЗ, якія на дзьве гадзіны перагарадзілі вуліцу Даўгабродзкую, атрымаў у Менску шырокі розгалас. У прыватнасьці, паўтарыць дзеяньні трактаразаводцаў прыгразілі іхныя суседзі — рабочыя заводу аўтаматычных лініяў. На гэтым прадпрыемстве таксама яшчэ ня выплацілі заробкаў за жнівень. Вось што паведаміў старшыня заводзкага прафсаюзу машынабудаўнікоў Валеры Дыбоўскі:

(Дыбоўскі: ) "Галоўная прычына затрымкі — нясвоечасовае пагашэньне крэдыту. Апроч таго, у нас яшчэ не аплочаная электрычнасьць. Мы ведаем пра выступ работнікаў трактарнага заводу. Вось зараз сабраўся ў нас актыў, каб абмеркаваць гэтую тэму".

XS
SM
MD
LG