Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЁМАСЬЦЬ СЬВЕТЛАГОРСКАЙ ФІЛІІ БЕЛАРУСКАГА ЛІЦЭЮ ПЕРАНЯЎ ГАРАДЗКІ АДДЗЕЛ АДУКАЦЫІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Аддзел адукацыі ўпісаў у свае бугальтарскія кнігі нават кампутарную тэхніку, якую падаравалі ліцэістам розныя фундатары. Фармальна скончылася процістаяньне навучэнцаў ліцэю і выкладчыкаў з гарадзкімі ўладамі, якое цягнулася амаль увесь верасень.

Рашэньне падпарадкавацца загаду аддзелу адукацыі і перайсьці са сваімі выхаванцамі ў ліцэйскія клясы сярэдняй школы №1 прыняў сход пэдагогаў гуманітарнага ліцэю.

Пры гэтым выкладчыкі склалі шэраг прапановаў аддзелу адукацыі гарвыканкаму. Як паведаміў дырэктар ліцэю Тэльман Масьлюкоў, яны тычацца мажлівасьці больш поўнага захаваньня ліцэйскай адукацыі ў сярэдняй школе, прычым менавіта на беларускай мове.

Выкладчыкі імкнуцца зьберагчы склад ліцэйскіх клясаў і праграмы, паводле якіх займаліся навучэнцы. Кожны школьнік, які захоча папоўніць ліцэйскі кляс, абавязаны прайсьці іспыты. На конкурснай аснове павінны прымаць на працу зь ліцэістамі і выкладчыкаў.

Пэдкалектыў ліцэю патрабуе, каб аддзел адукацыі тэрмінова аднавіў бясплатнае харчаваньне навучэнцаў.

Прапанавалі таксама захаваць ліцэйскую бібліятэку, у якой рэдкія падручнікі для беларускамоўнага навучаньня, выдадзеныя ў Брытаніі, Нямеччыне і ЗША, а таксама інфармацыйныя брашуры розных камісіяў Эўразьвязу.

Усе прапановы выкладчыкаў сёньня перадалі загадчыцы аддзелу адукацыі гарвыканкаму Галіне Філіповіч. Пэдагогі перакананыя, што выкананьне гэтых прапановаў ня дасьць дашчэнту разбурыць сыстэму элітнага беларускамоўнага навучаньня, якое адпавядае найлепшым эўрапейскім стандартам. Нездарма ж многія выпускнікі ліцэю зрабіліся студэнтамі прэстыжных унівэрсытэтаў Швэцыі, Нямеччыны, Індыі, ЗША, Італіі.


XS
SM
MD
LG