Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАГІЛЁЎСКІХ РАБОТНІКАЎ ПАДМАНУЛІ Ў РАСЕІ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Кіраўніцтва трэсту накіравала каля 100 сваіх працаўнікоў на рамонт казармаў і дамоў расейскай вайсковай часткі. Як кажуць рабочыя, зь якімі сустрэўся карэспандэнт Радыё Свабода, начальнікі ўпраўленьняў пагражалі ім звальненьнем з працы і пазбаўленьнем заробку, калі яны не паедуць у Расею.

Паводле іхных словаў, умовы жыцьця ў неадрамантаваных казармах былі невыносныя. Вось што распавёў магілёвец Сяргей Буянаў:

(Буянаў: ) "Жылі па 15–30 чалавек у адным памяшканьні. Бегалі пацукі. На двухярусных ложках бялізны ўвогуле не было. А пасьля таго, як мы накрываліся коўдрамі, хацелася часацца".

У такім умовах людзі працавалі два месяцы. Ня лепшым было і іхнае харчаваньне. Расейскі прараб без плацёжных ведамасьцяў штодня выдаваў ім па 50 расейскіх рублёў — гэта каля 2 даляраў. Ці шмат можна купіць на гэтыя грошы ў Расеі? Як кажуць будаўнікі, яны елі кансэрвы і кільку.

Адразу пасьля вяртаньня ў Магілёў адзін зь іх, спадар Дыль, накіраваў скаргу ў абласное ўпраўленьне камітэту інспэкцыі працы. Там далі пісьмовы адказ, паводле якога выдаткі на камандзіроўкі магілёўцам аплацілі, не зважаючы на памераў такіх выплатаў, што вызначыла Міністэрства фінансаў. А гэтыя памеры ў сем разоў большыя за атрыманыя грошы.

Будаўнікам абяцаюць, што наймальнік (гэта значыць адміністрацыя будаўнічага трэсту №12) атрымае прадпісаньне выплаціць неабходныя нормы. Але пакуль што адміністрацыя не сьпяшаецца рэагаваць на гэты дакумэнт. Наадварот — як паведамілі тыя ж будаўнікі, пасьля вяртаньня ў Магілёў бугальтэрыя трэсту выплаціла ім за працу ў Падмаскоўі месячны заробак 25–40 даляраў.

Але ж адзін зь іх, Аляксей Лялебін, змог дабіцца 300 даляраў. Як стала вядома, ён зьвярнуўся да адміністрацыі трэсту і, спасылаючыся на заканадаўства, стаў пагражаць судом. Адметна, што ён звольніўся з працы адразу пасьля таго, як атрымаў свае грошы. Рабочыя ня могуць так зрабіць, таму што ня ведаюць, да каго зьвярнуцца. Яны да гэтага часу не разумеюць, хто павінен быў заплаціць заробак за працу на расейскіх вайсковых казармах — расейскі альбо беларускі бок.

Юрысконсульты абласнога аб'яднаньня прафсаюзаў паведамілі карэспандэнту Радыё Свабода, што выплаты ажыцьцяўляюцца ў адпаведнасьці з пагадненьнем паміж дзьвюма бакамі. Але ніхто з удзельнікаў рэканструкцыі расейскіх будынкаў ня бачыў гэтага дакумэнта.

Сёньня будаўнікі спадзяюцца на прадпісаньне абласнога ўпраўленьня камітэту інспэкцыі працы й дапамогу галіновага прафсаюзу будаўнікоў вобласьці.

XS
SM
MD
LG