Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЖЫХАР КРУПАК ДАСТАЎ СУДОВАЕ ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ ЗА АБАРОНУ СВАБОДЫ СЛОВА


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Разгляд адміністрацыйнай справы Аляксея Сарокі барысаўскім судзьдзём Аляксеем Болатавым меў некалькі адметнасьцяў.

Па першае, паседжаньне адбывалася нават без удзелу міліцыянтаў як сьведкаў, якія затрымлівалі падсуднага 31 жніўня ды канфіскавалі ў яго плякат "Свабоду "Барысаўскім навінам".

Па другое, Аляксей Болатаў правёў гэтае паседжаньне за рэкордны для сваёй практыкі час — за 10 хвілінаў. Цікава, што спадар Болатаў нават не запатрабаваў ад Аляксея Сарокі, каб юнак прад'явіў пашпарт. Аднак цягам згаданых 10 хвілінаў Аляксею Сароку давялося даказваць судзьдзю, што ён не арганізоўваў пікет, бо 31 жніўня прыехаў у Барысаў з Крупак па іншых справах і проста далучыўся да акцыі, калі ўбачыў пікетоўцаў на Цэнтральнай плошчы. А плякат яму далі барысаўцы.

Урэшце, судзьдзя Болатаў нават безь перапынку дзеля нарады ў так званым судовым пакоі абвесьціў падсуднаму, што Аляксею Сароку даюць папярэджаньне. Вось што сказаў Аляксей Сарока пасьля паседжаньня:

(Сарока: ) "Справа ня ў тым, вялікім ці маленькім было пакараньне. Справа ў тым, што вырак судзьдзі разыходзіцца зь нейкімі міжнароднымі юрыдычнымі нормамі, якія дазваляюць мне выказваць сваё гледзішча на тую ці іншую зьяву альбо тэндэнцыю".

Як пракамэнтаваў сёньняшні судовы працэс галоўны рэдактар "Барысаўскіх навінаў" Анатоль Букас, Барысаўскі гарвыканкам сваім перасьледам штотыднёвіка ўжо выклікае супрацьдзеяньне чытачоў і грамадзкасьці рэгіёну, якая гатовая пайсьці на новыя публічныя пратэставыя акцыі, каб заступіцца за выданьне.

Дарэчы, цягам кастрычніка ў Барысаве і Менску спадар Букас мае правесьці ажно тры суды з чыноўнікамі гарвыканкаму.

XS
SM
MD
LG