Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВАГА СТАРШЫНІ ГАРАДЗЕНСКАГА ГАРВЫКАНКАМУ, ЗАМЕСТ ЗВОЛЬНЕНАГА Ў ВЫНІКУ ВЫБАРАЎ, ПАКУЛЬ НЕ ПРЫЗНАЧЫЛІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У якасьці магчымага новага кіраўніка гораду часьцей за ўсё называюць прозьвішчы аднаго абласнога чыноўніка і двух дырэктараў прадпрыемстваў.

Сярод дырэктараў першы кандыдат — кіраўнік аб'яднаньня "Хімвалакно" Пінчук. Ён у горадзе нядаўна, прыехаў з Гомельскай вобласьці, аднак здолеў атрымаць валютныя крэдыты пад гарантыі ўраду, і становішча прадпрыемства хутка палепшылася. Менавіта "Хімвалакно" наведаў Аляксандар Лукашэнка падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі.

Два хімічныя гіганты — "Азот" і "Хімвалакно" напаўнялі каля паловы гарадзкога бюджэту. Урад замарозіў цэны на ўгнаеньні, абавязаўшы "Азот" забясьпечыць імі калгасы. А расплаціцца яны ня могуць. У выніку горад практычна перастаў атрымліваць грошы ад "Азоту".

Кепска таксама паступаюць падаткі на прыбытак, на дадатковую вартасьць і акцызы.Улады накіравалі ліст усім прадпрыемствам, фірмам, прадпрымальнікам, нават рэдакцыям газэт.

Ліст тлумачыў, што гарадзкі бюджэт фармуецца вельмі цяжка, на гэта кепска паўплывалі стратныя прадпрыемствы, якіх у горадзе болей за чвэрць, а таксама іншыя эканамічныя непрыемнасьці. Напрыклад, назапашваньне на складах непрададзенай прадукцыі.

Тых, хто пакуль працуе нармальна, улады забавязалі заплаціць падаткаў на траціну болей, чым у першым паўгодзьдзі. Юрысты гавораць, што гэтая папера не стасуецца ні з законам, ні з самой эканомікай і выкліканая роспаччу ўладаў.

Адзін час, пад кіраўніцтвам Анатоля Пашкевіча, гарвыканкам пасьпяхова дамагаўся дадатковых грошай ад фірмаў і прадпрыемстваў, ад прадпрымальнікаў: то на рэстаўрацыю фасадаў дамоў да рэспубліканскага сьвята, то для нарыхоўкі на зіму гародніны для ўсяго гораду і гэтак далей. Аднак хутка ўсе гэтыя вынаходніцтвы зрабіліся нядзейсныя.

У сваім апошнім выступе па мясцовым тэлебачаньні Анатоль Пашкевіч сказаў, што маскоўскі галава Лужкоў ганарыцца тым, што пабудаваў храм Хрыста Збаўцы. У Горадні няма такіх магчымасьцяў. Але сваю душу спадар Пашкевіч хоча ўкласьці ў якасны вулічны брук і асфальтаваныя дарогі, у добрыя фасады і цывілізаванае аблічча гораду. Аднак даводзіць да ладу раскапаныя тратуары і вуліцы давядзецца камусьці іншаму.


XS
SM
MD
LG