Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МАГІЛЕВЕ МІЛІЦЫЯ ПАЛЮЕ НА АКТЫВІСТАЎ КАМАНДЫ ГАНЧАРЫКА


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Удзельнікі акцыі “Хочам ведаць праўду” увечары 21 жніўня а 9-й гадзіне сталі насупраць Цэнтральнага ўнівэрмагу. У руках яны трымалі партрэты Завадзкага, Захаранкі, Ганчара, Красоўскага. А старшыня Мапгілеўскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Ўладзімер Гайдукоў стаяў з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Менавіта ён разам з фронтаўцамі Аляксеем Шываронкам і Валерам Разумавым патрапіў у міліцэйскае аддзяленьне. Міаіліцыянты палічылі яго арганізатарам акцыі, вырвалі з рук і кінулі на зямлю беларускую Канстытуцыю, пасьля чаго запхнулі ў машыну. На загад палкоўніка Самсонава затрымалі яшчэ 6 удзельнікаў акцыі, у тым ліку і дваіх непаўнагадовых. Аднак, пасьля звароту праваабаронцаў у пракуратуру, затрыманых вызвалілі, а Гайдукова, Разумава, Шываронка трымалі амаль да раніцы.

У гэтую ж ноч міліцыянты затрымалі двух чальцоў магілеўскай філіі Маладой Грамады Андрэя Качароўскага і Ганну Зюзіну, якія разам зь іншымі расклейвалі партрэты Ўладзімера Ганчарыка. Адметна, што на той момант яны яшчэ не пасьпелі нічога зрабіць, аднак міліцыянты абшукалі іхныя пакеты. У аддзяленьні іх абвінавацілі ў парушэньні экалягічнага заканадаўства, а дакладней – у псаваньні сьценаў. Але, сканфіскаваўшы клей, празь некаторы час вызвалілі.

Яшчэ двух прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы Ўладзімера Ганчарыка – Аванэса Мурадзяна і Анатоля Фёдарава спынілі пры ўезьдзе ў Магілеў, калі яны везьлі плякаты кандыдата ў прэзыдэнты ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. Старшыня Магілеўскай абласной арганізацыі БНФ Анатоль Фёдараў упэўнены што спыненьне іхнай машыны супрацоўнікамі аўтаінспэкцыі зьвязана менавіта з гэтым. Паводле ягонай інфармацыі, прадстаўнікі сілавых структураў сачылі за імі ад самага Менску, аднак абшукаць машыну яны так і не змаглі. Пакуль Фёдараў і Мурадзян адказвалі на пытаньні міліцыянтаў, кіроўца зьехаў у Магілеў. Абодва заявілі, што міліцыянты ня мелі ніякіх правоў, каб праводзіць вобыск.
XS
SM
MD
LG